Ліст быў напісаны 29 ліпеня, прыйшоў 6 жніўня.

«Ліст з замка #4 29 ліпеня, чацвер. Сёння ўпершыню за доўгі час падчас прагулкі пабачыў дождж. Дождж!!! Проста стаяў пад ім і шчасліва мок) Калі вярнуліся ў камеру, ужо стаяў вентылятар. Уключылі яго, цяпер будзе дыхацца лепш.

Тыя, хто трапіў у камеру за тыдзень да мяне, атрымліваюць россып лістоў і паштовак. Цікава, ці будзе нешта такое ў мяне. Ці будуць гэта прапускаць? Веру ў прафесіяналізм і сумленнасць цэнзара)

У лістах нібыта можна дасылаць фотаздымкі. Нібыта можна дасылаць і выразкі з публікацыямі. Можа, Андрэй адшкадуе новы нумар «Нашай гісторыі», каб адправіць некалькі самых цікавых артыкулаў? (А, яшчэ! Тут праходзяць і друкаваныя лісты. Думаю, іх праглядаць яшчэ хутчэй і зручней)

(…) Здаецца, з асноўнымі пытаннямі разабраўся) Не падайце духам, трымайце хвасты пісталетам! І свае, і чорны з шэрым (гэта Ягор пра сваіх сабаку і ката) Усіх люблю, усіх абдымаю! Да сувязі».

***

Ягор Марціновіч быў затрыманы роўна месяц таму, 8 ліпеня, разам з галоўным рэдактарам «Нашай гісторыі» Андрэем Дынько і былым галоўным рэдактарам, кіраўніком аддзела рэкламы Андрэем Скурко і бухгалтарам Вольгай Раковіч. Праз нейкі час Вольга Раковіч і Андрэй Дынько выйшлі на волю, а Ягор Марціновіч і Андрэй Скурко застаюцца за кратамі. 

***

Пішыце лісты нашым калегам:

СІЗА-1,
вул. Валадарскага, 2
220030 г. Мінск

Скурко Андрэю Генадзевічу
Марціновічу Ягору Аляксандравічу

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0