Памежнікам дазволена выкарыстоўваць фізічную сілу і спецыяльныя сродкі, каб неадкладна вяртаць у Беларусь людзей, якія незаконна перайшлі дзяржаўную мяжу, паведамляе Delfi.lt.
Нацыянальныя ўзброеныя сілы і Дзяржаўная паліцыя павінны дапамагаць памежнікам не дапускаць незаконнае перасячэнне латвійска-беларускай мяжы, а таксама загадваць нелегальным мігрантам адпраўляцца назад у Беларусь.
Таксама вайскоўцы і паліцэйскія павінны дапамагаць памежнікам пераконвацца ў тым, што няпрошаныя госці выканалі такое распараджэнне, а таксама праводзіць неабходныя мерапрыемствы, каб мігранты вярнуліся ў Беларусь.
Было прынята рашэнне і пра тое, што на тэрыторыі, дзе дзейнічае рэжым надзвычайнай сітуацыі, структурныя падраздзяленні Дзяржаўнай памежнай службы і іншыя ўстановы не прымаюць заявы аб прадастаўленні статусу бежанца або альтэрнатыўнага статусу.