Так званыя школьныя базары разгортваюцца як на звычайных рынках, так і ва ўнівермагах. Апошнія ў асартыменце да навучальнага сезона дастаткова пракачаліся, і ў адным месцы сапраўды можна знайсці амаль усё — ад канцылярыі да формы ці адзення ў дзелавым стылі.

Нават мінімальны набор каштуе больш за 500 рублёў

Колькі ж каштуе стандартны набор для школьнікаў у 2021 годзе? У наш спіс трапілі сярэднія кошты, якія мы вызначылі пасля маніторынгу розных крам.

  • Гатовы канцылярскі набор першакласніка з фарбамі, сшыткамі, вокладкамі і іншымі неабходнымі пазіцыямі — 43,20 руб. (пры гэтым калі набываць усё паасобку, можа выйсці даражэй: напрыклад, усяго адзін пакунак фламастараў 18 колераў каштуе шэсць рублёў).
  • Канцылярскі набор для старшакласнікаў — 70 руб. (сюды ўваходзяць у тым ліку контурныя карты).
  • Дзённік — 2,24 руб.
  • Заплечнік — 70 руб.
  • Абутак на кожны дзень (паўбоцікі) — 80 руб.
  • Зменны абутак — 51 руб.
  • Спартовы касцюм — 40 руб.
  • Нагавіцы і камізэлька для хлопца — 103,95 руб.
  • Пінжак хлапчуковы — 73,43 руб.
  • Кашуля хлапчуковая — 53 руб.
  • Кашуля дзявочая — 51 руб.
  • Спадніца — 22,56 руб. (сукенкі — каля 100 руб.).
  • Туфлі — 98 руб.
  • Красоўкі — 51,28 руб.

Нават з такім мінімальным наборам усяго неабходнага ўжо атрымліваецца больш за 500 рублёў. Але не варта забывацца, што школьнікам яшчэ патрэбны дадатковы камплект адзення на змену, а таксама базавыя цішоткі, шкарпэткі, калготкі.

«Жывём у бацькоў, каб зрабіць пераразлік камуналкі»

У філолага з адукацыі Юліі Казюра — трое дзяцей. Старэйшы сын ідзе ў другі клас, дачка стане першакласніцай. Малодшаму няма і годзіка. Юля прызнаецца, што калі летась іх расходы на школу і садок укладваліся ў 900 рублёў, то цяпер складуць мінімум 1,5 тысячы.

«Сын ужо павырастаў са старых кашуль і штаноў. А дачцэ цалкам трэба падбіраць новы гардэроб у дзелавым стылі: у школу не паходзіш у садоўскіх джынсах. Вядома, адзенне будзе ў некалькіх камплектах, каб была форма на змену. Кашулі сыну мы мянялі кожны дзень, напрыклад. Штаны таксама хутка пэцкаюцца, таму што дзеці любяць сядзець на каленках. Карацей, у нас 1200 рублёў адкладзена на адзенне (у тым ліку на піжамы, каб наведваць прадоўжанку) і недзе 300 на канцылярскія тавары», — дзеліцца Юлія.

Жнівеньскія расходы сям’я планавала загадзя, каб яны не сталі нечаканасцю для сямейнага бюджэту. Юлія атрымлівае дэкрэтныя памерам 670 рублёў, але, канечне, імі не пакрыеш усе выдаткі. Як шматдзетная сям’я Казюры прэтэндуюць на матэрыяльную дапамогу на навучальны год, на кожнае дзіцё са шматдзетнай сям’і выдаткоўваецца да 30% бюджэту пражытковага мінімуму. З 1-га жніўня сярэдні пражытковы мінімум у Беларусі складае 283 рублі 46 капеек. Таксама невялікую матэрыяльную дапамогу абяцалі на працы мужу Юліі, ён інжынер на дзяржаўным прадпрыемстве. Пры гэтым уся гэтая дапамога, можна сказаць, сыдзе на дадатковыя школьныя зборы. 

«Летась мы адразу ж давалі каля 40 рублёў на ўсялякія сурвэткі, паперу, ваду. Пасля гэта паўтаралася цягам года. Канкрэтная сума вызначаецца ў верасні з бацькоўскім камітэтам, таму пакуль не ведаю, колькі складуць зборы ў гэтым годзе», — дадае суразмоўца.

Па звестках Нацыянальнага статыстычнага камітэта, намінальны налічаны сярэдні заробак у чэрвені склаў крыху больш за 1430 рублёў. Але ў краіне нямала людзей, якія атрымліваюць 400 рублёў і нават менш. На гэты выпадак для бацькоў дзейнічаюць праграмы растэрміноўкі па спецкартках. У сям’і Юлі па такой схеме набываюць толькі буйную тэхніку.

«Мы хоць і планавалі ўсе выдаткі, але аддаць 1,5 тысячы толькі на дзіцячы шопінг — гэта ўсё адно вельмі шмат. Галадаць не будзем, але такі імгненны мінус з картак вельмі адчуваецца. Каб дадаткова недзе сэканоміць, мы ўсё лета правялі ў прыватным доме ў бацькоў. І пасля зробім пераразлік камунальных паслуг».

Міністэрства гандлю адзначыла, што рост цэн на школьныя тавары сёлета склаў 5%, што трапляе ў межы даведзенага параметра па інфляцыі. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0