Спачатку затрымалі 40-гадовую Наталлю Шэкаву.

У жанчыны ёсць непаўналетняе дзіця, але замест трох гадзін, як таго патрабуе закон, яе пратрымалі за кратамі ноч да суда. 

На судзе Наталля распавяла, што ў яе не было ніякіх палітычных матываў, а толькі — чалавечыя. Па словах жанчыны, яна гуляла каля месца гібелі Тарайкоўскага, успомніла падзеі мінулага года і вырашыла пакласці кветкі на тым месцы.

Суддзя Юлія Чыж расцаніла гэты ўчынак, як пікетаванне і пакарала жанчыну па арт. 24.23 КаАП штрафам 2900 рублёў

На тым жа месцы каля 17:03 затрымалі 20-гадовага Аляксея Латошу. Аляксей пацвердзіў, што ў памяць аб загінулым уваткнуў кветкі ў слуп. Але адразу пасля гэтага яго затрымалі людзі ў цывільным. Суддзя Чыж цікавілася, чаму ён зрабіў гэта менавіта каля метро, а не на могілках.

Хлопец дадаў, што ў яго ёсць малое дзіцё, таму ён шкадуе аб учыненым і хоча быць зараз з імі, а не за кратамі. Вынік — 13 сутак.

Вечарам затрымалі 23-гадовага Кастуся Цаўлоўскага. Сваю віну хлопец на судзе адмаўляў, бо не ведаў, што ўскладанне кветак расцэньваецца, як «несанкцыянаванае пікетаванне». Ён патлумачыў, што зрабіў гэта, каб ушанаваць памяць аб загінулым, а не для выказвання сваіх палітычных інтарэсаў. Вынік — 30 сутак арышту, паведамляе spring96.org.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0