Як лічаць археолагі, у свой час тэрмаполій абслугоўваў пампейскіх беднякоў і прапаноўваў ім ежу накшталт паэльі, мяса качкі і слімакоў. Наведвальнікамі закусачнай былі гараджане, якія наўрад ці мелі ў сваёй хаце кухню, таму яны і былі вымушаныя харчавацца ў іншым месцы, піша Daily Mail.
Рэшткі тэрмаполія былі раскопаныя ў мінулым годзе падчас даследаванняў на тэрыторыі Пампеяў, якія працягваюцца тут ужо шмат гадоў. Навукоўцы адшукалі прылавак з глыбокімі сасудамі, у якіх, імаверна, захоўвалася гарачая ежа. У адным з кантэйнераў археолагі знайшлі фрагмент качынай косткі, а ў іншых — рэшткі іншых жывёл, у тым ліку коз, свінняў, рыб і слімакоў. Таксама навукоўцы адшукалі антычны посуд, які выкарыстоўваўся ў тэрмаполіях. Захаваліся старажытная мазаіка і фрэскі, што ўпрыгожвалі тэрмаполій.
Археолагі кажуць, што тэрмаполій знаходзіўся ў выгадным месцы — каля плошчы з фантанам. У тым жа раёне была знойдзена яшчэ адна закусачная, а ўсяго ў Пампеях адшукалі 12 тэрмаполіяў.





