10 жніўня на сайце і ў сацыяльных сетках калегіі адвакатаў з’явіўся вялікі тэкст за подпісам адвакаткі Вольгі Карпушонак. У ім Вольга дзялілася думкамі аб прафесіі. Думкі цалкам супадалі з пазіцыяй, якую даўно прасоўвае непасрэдна калегія: адвакатам не варта высоўвацца.

Вольга Карпушонак

«Справа адваката і яго шлях — аказваць законную юрыдычную дапамогу тым, хто ў ёй мае патрэбу. Не пустасловіць у сродках масавай інфармацыі, не абяцаць нязбытнае, а быць для іх прафесійным юрыстам, які валодае ўсімі патрэбнымі ведамі, — павучальна піша Карпушонак. — Асабліва важна гэта ў цяперашні няпросты час. Час, калі інфармацыя часта лжывая, праблемы заўсёды маюць два бакі і нельга падзяліць усё на ўмоўныя чорнае і белае.

На жаль, у наш век лічбавых тэхналогій і пры наяўнасці магчымасці ў адно імгненне і адным словам стварыць вакол сябе інфармацыйны шум некаторыя члены адвакацкай супольнасці спрабуюць ухапіцца за такія магчымасці і падмяняюць свой прафесійны абавязак жаданнем вылучыцца сярод калегаў.

Я лічу, што такія дзеянні недапушчальныя і супярэчаць адвакацкай этыцы.

У апошні год жыццё ў краіне адчувальна палітызавалася, і некаторыя адвакаты сталі браць пад сумненне прынцып «адвакаты па-за палітыкай». Стала модна крытыкаваць дзяржаўныя органы ў цэлым. Часцяком такая крытыка носіць агульны і бяздоказны характар, што ў прафесійнай дзейнасці адваката недапушчальна. Пры гэтым чуюцца папрокі ў канфармізме і адсутнасці смеласці на адрас тых адвакатаў, хто гэтага не робіць».

У фэйсбуку старшыня Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў Віктар Чайчыц пакінуў пад гэтым тэкстам захоплены каментар:

«Правільныя словы: аб прафесіі і аб жыцці, дзякуй вялікі!!!» 

Гэта было 10 жніўня. А ўжо 11 жніўня камісія Мінюста пазбавіла Карпушонак ліцэнзіі. Прычым, на пасяджэнні Чайчыц абараняў Вольгу — але і гэта не дапамагло, сцвярджае былы адвакат Сяргей Зікрацкі:

«Віктар Чайчыц заўсёды адрозніваўся тым, што заклікаў не выносіць у паблік абмеркаванне набалелых пытанняў і быў прыхільнік таго, што многія пытанні трэба вырашаць ціха і індывідуальна. У сувязі з гэтым у многіх адвакатаў было перакананне, што Віктар Іванавіч можа «вырашаць пытанні» і абараняць адвакатаў.

Да ўчорашняга дня значная частка адвакатаў думала, што выключаныя адвакаты самі вінаватыя ў тым, што іх выключылі — былі занадта публічнымі, шмат выказваліся, не спрабавалі дамовіцца з кіраўніцтвам БРКА. Яны думалі, што калі сядзець спакойна, не выказвацца, то кіраўніцтва БРКА і асабіста Чайчыц абавязкова дапаможа, і яны змогуць прайсці атэстацыю.

У гэтай сувязі з'яўленне за дзень да атэстацыі «пакаяннага ліста» аднаго з адвакатаў, выкліканага на атэстацыю, выглядала як цалкам вытлумачальная з'ява. Відавочна, што гэта было ўмовай для паспяховага праходжання атэстацыі. І мы ведаем, што Віктар Чайчыц спрабаваў абараняць гэтага адваката на пасяджэнні Кваліфікацыйнай камісіі. Так-так-так, ён спрабаваў абараняць толькі аднаго з трох адвакатаў.

Але вынік вядомы — усе тры адвакаты, у тым ліку і той, якога так актыўна спрабаваў абараніць Чайчыц, не прайшлі атэстацыю. Абарона з боку Чайчыца не дапамагла. На жаль для адваката, але на шчасце для ўсёй адвакатуры.

Чаму на шчасце? Ды таму што цяпер кожны адвакат разумее, што Віктар Чайчыц не з'яўляецца аўтарытэтам ні сярод адвакатаў, ні сярод дзяржаўных органаў. Яго ніхто і нідзе не слухае. І ён нікому і ніяк не можа дапамагчы».

«Наша Ніва» паспрабавала звязацца з Вольгай Карпушонак, але яна не адказала на паведамленні.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру