Год таму, 15 жніўня 2020 года, тысячы беларусаў развітваюцца з Аляксандрам Тарайкоўскім — дэманстрантам, застрэленым падчас пратэстаў супраць дыктатуры.

Нагадаем, 10 жніўня на вуліцы Прытыцкага быў забіты Аляксандр Тарайкоўскі — 34-гадовы ўдзельнік акцыі пратэсту.

Няма пакаранага і нават падазраванага ў забойстве мужчыны.

Увечары 10 жніўня Тарайкоўскі далучыўся да акцыі пратэсту ля метро «Пушкінская». Там сабралася некалькі тысяч чалавек, сілавікі кідалі гранаты, стралялі, але людзі не разыходзіліся. Каля апоўначы МУС апублікавала афіцыйную заяву: «У ходзе масавых беспарадкаў у Мінску на вул. Прытыцкага, натоўп будаваў барыкады для блакавання руху. У ходзе супрацьстаяння са спецназам, які прыбыў для дэблакавання плошчы, адзін з пратэстоўцаў спрабаваў кінуць неўстаноўленую выбуховую прыладу ў бок праваахоўнікаў. Яно выбухнула ў руцэ, мужчына атрымаў траўмы несумяшчальныя з жыццём».

Таксама міліцыя падкрэсліла: мужчына раней быў судзімы за забойства, гэта з радасцю падхапілі дзяржвыданні.

Асоба загінулага стала вядомая журналістам толькі праз некалькі дзён. Жонка Тарайкоўскага распавяла, што ніякіх слядоў выбуху на целе няма, але прысутнічае рана на грудзях. А пазней з’явілася адразу некалькі відэазапісаў, на якіх відаць, як Аляксандр з пустымі рукамі ідзе ў бок сілавікоў. Ён нічога не кідае, у яго руках нічога не выбухае — у Тарайкоўскага з блізкай адлегласці страляе адзін з сілавікоў. Пасля стрэлу акрываўлены мужчына падае.

На месцы гібелі Тарайкоўскага з’явіўся стыхійны мемарыял. Улады змагаліся з мемарыялам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0