Вы яшчэ не падсеклі, што Аляксандр Лукашэнка — чалавек з гумарам? То пажартуе, што «апошнія выбары мы сфальшавалі», то наконт Колі-пераемніка. А пісакі не даганяюць, пачынаюць званіць на ўвесь свет.

У інтэрв’ю аўстрыйскай Die Presse ён так і патлумачыў, адказваючы на пытанне, ці сапраўды рыхтуецца перадаць уладу ў спадчыну малодшанькаму: «У нас гэта немагчыма. І калі я казаў пра свайго малога, то гэта быў звычайны жарт. Але журналісты гэта ўспрынялі чамусьці сур’ёзна».

«Чамусьці»! Канечне, калі б у нас працаваў механізм ратацыі эліт, як у той самай Аўстрыі (дзе пра дынастычнае кіраванне нагадваюць хіба помнікі эпохі Габсбургаў), то было б дзіўна, што беларусы масава не ўязджаюць у гумар афіцыйнага лідэра. У краіне ж перапісанай канстытуцыі, «элегантных перамог» і рэферэндуму, які перавёў першага прэзідэнта на «анлім» што да тэрмінаў кіравання, — не дзіва, што адпаведны гумар падаецца злавесным. Той выпадак, калі ў кожным жарце ёсць доля жарту.

І тым не менш! Яно б мо і хацелася пракруціць варыянт Аліева, але занадта шмат чыннікаў супраць. Кіроўная вярхоўка ўсё болей выразна асэнсоўвае: правадыр не вечны. Ды і сам ён задумваецца над чыннікамі з разраду «пугай абуха не пераб’еш».

Сімптаматычнай выглядае свежая заява не апошняга ў Лукашэнкавым істэблішмэнце чалавека — Паўла Якубовіча: праз 5-6 гадоў на авансцэну беларускай палітыкі выйдуць новыя людзі. У інтэрв’ю Die Presse Лукашэнка фактычна кажа тое самае. На пытанне, ці будзе ён прэзідэнтам праз дзесяць гадоў, адказ быў такі: «Наўрад ці. Я думаю, да гэтага часу вырастуць новыя людзі, якія возьмуць у рукі краіну і павядуць яе».

Праўда, тут жа патлумачыў, што «у нашай краіне хто будзе прэзідэнтам чарговым, будзе вызначаць толькі беларускі народ». Хто ведае, як выглядае у нас выбар народу, не мае патрэбы ў расшыфроўцы.

Такім чынам, сіпмтомы сведчаць: Лукашэнка збіраецца на наступныя выбары, але потым сур’ёзна задумаецца пра пераемніка. І на выбары 2015 ці 2016 года можа быць высунуты новы кандыдат улады. Заўважце, што варыянт яе перадачы старэйшаму сыну не адмаўляецца. Хаця тут сапраўды ўсё не так проста.

Адпаведна, пакуль што палітычную сістэму будуць жорстка трымаць у старых рамках. Механізм элегантных перамог мусіць яшчэ раз спрацаваць у правераным рэжыме. Ну хіба што падгуляюць Еўропе касметычнымі зменамі ў Выбарчым кодэксе.

А вось з 2011 года можа пачацца цікавейшая гульня на ўнутрыпалітычным полі. Сістэму давядзецца пакрысе апгрэйдзіць. Магчыма, у яе будуць асцярожна ўлучаць кіраваную апазіцыю. Зробяць выбары па партыйных спісах. Такая сістэма не замінае аўтарытырызму ні ў Расіі, ні ў Казахстане. Паўфабрыкат партыі ўлады пад брэндам «Белая Русь» ужо напагатове.

Палітычны апгрэйд — рэч для гэтай улады некамфортная, але з двух ліхаў выбіраюць меншае. Сталі працаваць моцныя вонкавыя чыннікі. Крызіс, тэхналагічнае адставанне і ціск Расіі змушаюць ладзіць эканамічныя рэформы, запускаць прыватызацыю, нармалізоўваць дачыненні з Захадам. Усё гэта непазбежна цягне змены і ў палітычнай надбудове.

І спакваля працэс пайшоў. У згаданым інтэрв’ю Лукашэнка падсвядома нават выкарыстаў гэты выраз Гарбачова. Беларускі кіраўнік ухваліў патрабаванні колішняга «жулля з МВФ»: «Усе ўмовы разумныя. І чаму мы хутка дамовіліся? Бо ў нас гэты працэс ужо ідзе».

Ён дадаў, што як прэзідэнт будзе «доўга памятаць дапамогу Міжнароднага валютнага фонду, Захаду нашай дзяржаве». Яшчэ больш: «І буду пераконваць свой народ, каб яны гэта ацанілі як след». Заявы, што пару гадоў таму выглядалі б фантастычна.

Дадамо, што народ і так падсякае фішку. Праеўрапейскі зрух у масавай свядомасці беларусаў на 15 працэнтных пунктаў за лічаныя месяцы выглядае ці не галоўнай сенсацыяй свежага даследавання НІСЭПД.

Калі летась у верасні за ўваходжанне ў ЕС былі гатовы прагаласаваць толькі 26,7%, то сёлета ў чэрвені — ужо 41,4%. А з той Еўропай у нас яшчэ ж нічога толкам і не пачыналася! :) Вярхі адно што знізілі градус прапагандысцкай нянавісці да Захаду. І тым не менш тут таксама працэс пайшоў.

Паказальная і яшчэ адна заява аўстрыйскай газеце.

Кажучы пра стасункі з Расіяй, Лукашэнка ўжыў рэфрэн «мы адзін народ». Бадай, ён сапраўды так думае. І быў час, калі яму здавалася, што гэта магічная формула адчыняе шлях да маскоўскага трона. Беларусь ён лічыў пройдзеным для сябе этапам.

Але жыццё змусіла насуперак тэзам пра «адзін народ» уперціся рогам і дэ-факта бараніць незалежную дзяржаву. І сёння, са слоў Лукашэнкі, уплыў Расіі на постсавецкай прасторы слабее. На пытанне, ці выклікае гэта шкадаванне ў Беларусі, ён адказаў: «Хай шкадуе Расія аб гэтым».

Беларусь, якая здавалася каму-кольвек «пройдзеным этапам», ацалела, захавала незалежнасць — і гэта ўжо нямала.

ЗЫ. Аўстрыйская газета вынесла ў загаловак інтэрв’ю Лукашэнкавы словы «In Russland ist eine Diktatur möglich» («У Расіі дыктатура магчымая»). Цалкам пасаж такі: «Калі б у нас у Беларусі была дыктатура, то Захад нас бы ўжо даўно раздушыў. Мы не Расія. Там дыктатура магчымая. Яны могуць дзякуючы ядзернай зброі ды энерганосьбітам быць у баку ад крытыкі. Мы ж залежныя ад свету».

У стэнаграме на Лукашэнкавым сайце наконт Russland прыбрана :) Вырашылі не дражніць мядзведзя. Але ж у Маскве, бадай, і па-нямецку чытаюць :)

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?