Падставай для судовага працэсу ў чэрвені была публікацыя пра гісторыю затрымання жыхара Баранавічаў Уладзіміра Гундара. У якасці ілюстрацыі да тэксту на сайце змясцілі фотаздымак Гундара ў вопратцы з элементамі арнаменту, дзе на каўняры прысутнічала свастыка.

Прадстаўнікі ГУБАЗіК заявілі, што гэты арнамент утрымлівае свастыку і прапанавалі суду прызнаць згаданую публікацыю «экстрэмісцкім матэрыялам».

Тады суд задаволіў пазоў і прызнаў публікацыю экстрэмісцкай, але на гэтым прыгоды для рэдактара «Виртуального Бреста» Андрэя Кухарчыка не скончыліся. Праз некалькі тыдняў на яго склалі новы адміністрацыйны пратакол: гэтым разам паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП РБ — за «распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, змешчанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў». Справа зноў тычылася публікацыі, у якой быў змешчаны фотаздымак Уладзіміра Гундара.

Пратакол некалькі разоў вярталі ў міліцыю на дапрацоўку, пакуль 19 жніўня суд Маскоўскага раёна Брэста не прызнаў Андрэя Кухарчыка вінаватым.

Суд пакараў рэдактара «Виртуального Бреста» штрафам памерам 10 базавых велічынь (290 рублёў) і пастанавіў канфіскаваць у яго камп’ютарнае абсталяванне, на якім ён, паводле абвінавачання, здейсніў правапарушэнне, распаўсюдзіўшы фотаздымак.

Але, як адзначыў Андрэй Кухарчык, гэтую тэхніку ў яго забралі яшчэ ў ліпені падчас ператрусу і пакуль нічога не вярнулі. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0