Усё пачалося ў снежні 2004 года. Пётр Кучура працаваў дальнабойшчыкам, зарабляў добра. Людміла кажа, што грошай хапала, яна нават магла дазволіць сабе займацца хатняй гаспадаркай і адукацыяй сына, які паступіў на факультэт міжнародных адносінаў БДУ. 

«Казаў: мы ж дамовіліся, што я бяру на сябе забойства, а мне два гады ўмоўна»

11 снежня Пётр быў на лецішчы пад Мінскам, паехаў туды з сябрамі. Лецішча знаходзілася ў вёсцы Масцішча Дзяржынскага раёна. 

Вось што адбывалася далей са словаў самога Пятра:

«Я пайшоў прайсціся па лесе. Узяў з сабою свой карабін. Вяртаўся, калі было ўжо цёмна. І ў адзін момант каля кустоў бачу нейкі цень, чую крык: «Стой!», пасля стрэл.

Я спалохаўся. І збег. Бо падумаў, што гэта нейкі рэйд, можа прыйшлі па аднаго з маіх сяброў, які любіў падстрэліць жывёлу, яго затрымлівалі за гэта не адзін раз. А ў мяне на зброю былі ўсе дакументы, але ліцэнзіі на паляванне не было. І каму я дакажу, што не браканьер? Таму я паехаў дадому ў Мінск.

Аказалася, што міліцыя прыйшла на лецішча, дзе заставалася мая куртка з дакументамі. На наступны дзень ужо прыйшлі да мяне ў мінскую кватэру, павезлі ў Дзяржынск».

Там спыталі, дзе Кучура быў мінулым вечарам. Ён расказаў: і што чуў стрэл, і што збег. Ад міліцыянераў даведаўся, што ў той вечар каля вёскі Масцішча застрэлілі інспектара аховы прыроды Мікалая Гурына

Пасля Пятра змясцілі пад варту.

«Я на той момант думаў, што разбяруцца і адпусцяць, бо куля сама за сябе скажа», — прызнаецца ён. 

Але на волю мужчына выйшаў толькі праз 17 гадоў.

«Калі мужа затрымалі я не была ў шоку — у мяне такі характар, што я адразу пачала дзейнічаць, шукаць адваката. Затым прыйшлося шукаць працу, але неяк справілася. Раней муж зарабляў грошы, каб у нас было камфортнае жыццё, а цяпер прыйшоў мой час пра яго клапаціцца. Кінуць яго ў мяне не было і ў думках, — кажа Людміла. —

Муж верыў, што будзе справядлівасць, казаў: суд разбярэцца! Я адказвала: дзе ты бачыў суд у нашай краіне?»

«На наступны дзень пасля майго затрымання з’явіўся артыкул у газеце, што забілі інспектара аховы прыроды, забойцу затрымалі па гарачых слядах. Але ж не было ніякіх экспертыз яшчэ! — абураецца Пётр. — А ўначы пасля майго затрымання прыехаў да мяне дагледжаны мужчына, бачна, што высокага статусу, прадставіўся, што з Рады бяспекі. І вельмі ён нерваваўся. Кажа: «Учора адбылося забойства, гэта твая праца. Возьмеш на сябе, нічога страшнага не здарыцца, дадуць два гады ўмоўна за неасцярожнае абыходжанне са зброяй. Нават не пасадзяць. А калі адмовішся — ад адказнасці не сыдзеш, дадуць пажыццёвае ці расстрэл. Справа твая, хочаш жыць — выбірай».

У студзені 2005 года загінулага інспектара пасмяротна ўзнагародзілі медалём «За мужнасць». Уручаць медаль удаве прыехаў у Стоўбцы персанальна дзяржсакратар Уладзімір Нявыглас.

Кучура пагадзіўся на прапанову начнога госця.

«Мяне павезлі на следчы эксперымент. Перад гэтым праінструктавалі: як ісці, як трымаць зброю, што казаць на відэа. Нават правялі рэпетыцыю. Я мусіў на відэа расказаць, што я ішоў, трымаў перад сабою зброю, палец на курку, пасля выскачыў перада мною чалавек, крыкнуў: «Стой, міліцыя!» Я стрэліў».

Кучура кажа, спачатку завялі адну справу, сапраўды за забойства па неасцярожнасці. Але ж пасля перакваліфікавалі на забойства асобы ў сувязі з выкананнем службовых абавязкаў, гэта ўжо «расстрэльны» артыкул.

«Прыехаў чалавек з пракуратуры, я бачу — зусім іншы артыкул. Я кажу: мы ж дамовіліся, што я бяру на сябе забойства па неасцярожнасці, а мне два гады ўмоўна! А ён мне адказвае: «Нічога не ведаю, я з вамі ні пра што не дамаўляўся», — згадвае Пётр Кучура. — Ну, думаю, на судзе пра гэта скажу». 

Але ж судзілі Кучуру менавіта за наўмыснае забойства. «Суд прайшоў за чатыры дні, — кажа Людміла Кучура. — У прысудзе напісалі, што муж пайшоў браканьерстваваць, яго заўважыў інспектар Гурын, пасвяціў яму ў твар ліхтаром. І тут Пётр падняў карабін і стрэліў Гурыну проста ў сэрца».

«Я віну не прызнаваў. Але суддзя казаў, што першапачатковыя паказанні самыя дакладныя і што я на пасяджэнні проста падманваю, каб сысці ад адказнасці»,

— кажа Пётр Кучура. 

Пісалі ўсім, і Лукашэнку, — не дапамагло

У Пятра і Людмілы шмат заўваг па тым, як праходзіў суд. Першапачаткова давала паказанні мясцовая жыхарка з вёскі, якая казала, што бачыла машыну, у якой хтосьці гучна крычаў: «Я не забіваў!», але на судзе жанчыну не дапытвалі. Кучуры кажуць: было заключэнне экспертызы, што інспектару стрэлілі ў спіну, але ў прысудзе напісана — застрэлены ў грудзі.

«Паказвалі бушлат забітага на фота з першай экспертызы, ён быў адзін, пасля другой экспертызы— іншы, з іншым каўняром», — кажа Пётр. 

Абвінавачаны і адвакат заяўлялі пра шматлікія нестыкоўкі ў справе. Але суд палічыў, што віна Пятра даказаная, вырак — 18 гадоў пазбаўлення волі.

«Я нават не расстроіўся, думаю, будзем абскарджваць, і справу перагледзяць», — згадвае Пётр.

Але ніякія абскарджванні не дапамаглі. Мужчыну адправілі ў калонію, а яго жонка пачала біць ва ўсе званы.

Людміла рэгулярна публікавала звесткі пра гісторыю Пятра ў СМІ, пісала скаргі, лісты, звароты. Дайшла нават да Макея і Караева. Але гэта таксама не дапамагло.

Сам Кучура пісаць прашэнне аб памілаванні не хацеў, але пісаў ліст Лукашэнку, прасіў, каб яго справу расследавалі — нічога не змянілася.

«Зэкам давалі пачак цыгарэт штодня, каб яны мяне правакавалі»

Пётр кажа, што за гэтыя бясконцыя лісты і скаргі на яго пастаянна ціснулі, адпраўлялі ў ШІЗА, адпраўлялі з калоніі ў турму — нібыта за парушэнні.

Таксама падчас зняволення Кучуру паставілі групу інваліднасці праз праблемы з сэрцам — а праз 14 гадоў яе знялі. 

«Адзін з медыкаў пасля паведаміў мне, што да яго дайшла інфармацыя, што я нібыта хачу атрымаць 2 групу інваліднасці замест 3-й. Ён так сказаў: «Я падумаў, што вы набраліся нахабнасці, таму сабраў дакументы і адправіў іх куды трэба. На падставе гэтага вас і пазбавілі інваліднасці». Але ж я сам нічога такога нават і не думаў, нікому такога не казаў, не пісаў, мне не патрэбная тая 3-я група ўвогуле.

Таксама мне расказвалі суседзі па камеры ў крытай турме, што ім давалі пачак цыгарэт штодня, каб яны мяне правакавалі на размову. І яны сядзелі, клікалі мяне: «Пятруха, мо ёсць цыгарэта? Пятруха!» А правілы такія, што я калі адгукнуўся — усё, на мяне рапарт», — кажа Пётр. 

Пасля змянілася начальства ў калоніі, новы кіраўнік, згадвае суразмоўца, здаваўся добрым чалавекам і нават абяцаў умоўна-датэрміновае вызваленне.

«Але на камісіі раптам сказаў: «Калі Кучуру адпусціць, з мяне смяяцца будуць». Я кажу: «Вы ж абяцалі!» Адказ: «Я табе нічога не абяцаў!» Я пытаюся: «Дык а што сям’і сказаць?» Адказвае: «Можаш перадаць ім, што будзеш сядзець ад званка да званка»! — расказвае Кучура.

Родныя Пятра не супакойваліся, працягвалі пісаць скаргі, гэта, па словах суразмоўцы, вельмі раздражняла сілавікоў.

«Мае родныя працягвалі пісаць скаргі. Ізноў у мяне камісія — каб зноў адправіць мяне ў крытую турму, нібыта за парушэнні і кепскія паводзіны. На мяне вешалі спагнанні за ўсё на свеце», — расказвае Пётр.

І прыгадвае інцыдэнт, калі яго прымусілі парэзаць руку лязом, «некаторыя супрацоўнікі нават ганарыліся сваёй жорсткасцю».

Пётр адсядзеў амаль увесь тэрмін — мусіў выйсці ў снежні 2021-га, але адпусцілі ў жніўні, бо па новых законах пералічылі тэрмін знаходжання ў СІЗА (дзень за паўтара ў калоніі).

Ён прызнаецца: перад вызваленнем было страшна, нават не хацелася выходзіць на волю пасля столькіх гадоў.

«Я лічыў, што не заслугоўваю выхаду на волю. У калоніі людзей не выпраўляюць — іх там толькі псуюць і азлабляюць супраць сістэмы, супраць усяго», — кажа Кучура.

20 жніўня Пятру спаўняецца 66 гадоў. Упершыню за доўгі час ён будзе святкаваць дзень народзінаў на волі.

«Беззаконне было заўсёды, проста раней людзі яго не заўважалі, а ў 2020 годзе ўсе нарэшце ўбачылі і зразумелі, як лёгка чалавеку трапіць у турму», — кажа яго жонка. 

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру