На пытанні «Нашай Нівы» адказала кандыдат біялагічных навук навукова-практычнага цэнтра па біярэсурсах Акадэміі навук Ірына Самусенка, якая шмат гадоў вывучае гэту птушку.

Буслы — дрэнныя летуны

Справа ў цяжкім целе і кароткіх для такой дужай птушкі крылах. Таму вялікія прасторы буслы звычайна пераадольваюць з дапамогай лунання — трапляюць у патокі паветра і перасоўваюцца ў патрэбным напрамку. Над морам і ў гарах такіх завіхрэнняў вельмі мала, таму птушкі абіраюць машрут праз узбярэжжа.

Пры гэтым буслы могуць пераадольваць вялізныя адлегласці. Некаторыя далятаюць на зімоўку да Паўднёвай Афрыкі, а гэта больш за 10 тысяч кіламетраў. 

Асобныя птушкі зімуюць у Беларусі

Змены клімату паўплывалі на паводзіны буслоў. Яны пазней сталі збірацца на зімоўку. Калі 30 гадоў таму пасля 20 жніўня можна было сустрэць у краіне адзінкавых птушак, то цяпер гэта не выключэнне. Чародкі ў 5-10 буслоў можна пабачыць нават на пачатку верасня. 

Раней гэтыя птушкі не зімавалі ў Беларусі. Яны жывуць побач з вадой, а ў нашых кантынентальных умовах рэкі і азёры ў халады замярзалі. Аслабленыя буслы, якія вымушана заставаліся тут, маглі вытрымаць зіму толькі з дапамогай чалавека. Але з пацяпленнем гэта змянілася.

«Назіраем, што ў Мінску штогод зімуе да трох буслоў. Яны жывуць недалёка ад заапарка. Дзякуючы таму што ў горадзе на некалькі градусаў цяплейшы клімат, рэчка побач амаль не замярзае. Таксама буслы могуць пад’ядаць там, дзе супрацоўнікі заапарка выкладаюць ежу для іншых птушак. Такія піянеры: яны апынуліся ў нязвыклай сітуацыі, але калі ўсё добра, то яны могуць даць патомства і нашчадкі верагодна будуць прытрымлівацца той жа мадэлі паводзін, што і бацькі», — дзеліцца Ірына Самусенка.

Усё часцей селяцца на дахах і электрычных слупах

Гэта звязана са зменамі ў вядзенні гаспадаркі. Найбольш прывабныя месцы для буслоў — у поймах рэк. Раней гэтыя дзялянкі ўручную выкашваліся, бо там расце смачная высокая трава для хатніх жывёл. Але вясковае насельніцтва старэе, усё радзей трымае скаціну, і таму дзялянкі не апрацоўваюцца — зарастаюць спачатку бур’яном, а потым хмызняком. Харчавацца там буслам становіцца нязручна. Як і нязручна шукаць ежу на буйных збожжавых і бульбяных палях.

«Я яшчэ застала вялікія калоніі ў дзікіх месцах, а зараз там засталіся адзінкавыя птушкі, і яны перасяляюцца бліжэй да чалавека ў населеныя пункты. Усё часцей месцы для гнездавання — дахі і слупы», — расказвае навуковец. 

Арыентуюцца па паху 

Польскія даследчыкі прааналізавалі, што буслы арыентуюцца не толькі на зрок, але і з дапамогай паху — могуць вышукваць дзялянкі, дзе косяць траву. На сметніках яны не хапаюць выпадкова, як дробныя птушкі, кавалкі пенапласту — выбіраюць мяса.

Арланы — ворагі буслоў

На буслоў могуць нападаць вялікія птушкі.

«Я назірала, як шуляк-галубятнік спрабаваў ухапіць буслянят з гнязда. Ён меншы за бусла, але больш паваротлівы ў лёце. Арлан-белахвост мацнейшы і буйнейшы. Яны харчуюцца рыбай, але некаторыя з іх могуць пераспецыялізавацца. Гэта здарылася, напрыклад, у Чарнобыльскай зоне», — кажа навуковец.

Арланы нападаюць не толькі на птушанят, але і на дарослых буслоў. Могуць парамі паляваць на іх у палёце. У гнёздах арланаў арнітолагі знаходзілі косткі буслоў — малых і дарослых.

Самка выбірае не партнёра, а гняздо

Звычайна буслы абіраюць сабе пару надоўга, але могуць і мяняць партнёра. Калі паміж птушкамі здараюцца бойкі за гнёзды, то пераможца атрымлівае жыллё і «даму».

«Часта ўвесну першым на гняздо прылятае самец. Ён майструе яго, уладкоўваецца. Праз некалькі дзён прылятае самка, і яна выбірае не партнёра, а памяшканне — такая аналогія з нашым жыццём», — усміхаецца Ірына Самусенка.

Чаму ў птушанят дзюбы чорныя, а ў дарослых буслоў — чырвоныя?

Навуковец выказвае сваю версію: прычына ў эвалюцыі. Птушаняты больш уразлівыя, прывязаныя да гнязда і ў большасці відаў афарбаваны непрыкметна. Таму гэта рыса магла ўзнікнуць эвалюцыйна. Дарослым жа птушкам трэба абазначаць свой род.

Як пазнаць беларускіх буслоў?

Па зялёных кольцах з белымі літарамі і лічбамі на лапах. Па такой схеме буслоў пазначаюць Польшча, Украіна і Літва. Нумары беларускіх птушак пачынаюцца з літары Е.

Кальцаваць нашых буслоў такім чынам пачалі з 2013 года. За гэты час закальцавана каля 1300 птушак, пераважна на поўдні краіны.

Што навукоўцаў здзіўляе ў буслах?

«Па-першае, іх здольнасць прыстасоўвацца да чалавека, — дзеліцца Ірына Самусенка сваімі назіраннямі. — Звычайна чым птушка буйнейшая, тым ёй цяжэй гэта зрабіць. Калі прыходзіш на сядзібу рабіць улікі, як навуковец, бачыш, што стаўленне буслоў да гаспадароў дома і да цябе адрозніваюцца. Ты для іх вораг, бо яны цябе не ведаюць.

Па-другое, клопат пра нашчадкаў.

Вельмі міла назіраць, як у спёку бацькі стаяць гадзіну-дзве расхінуўшы крылы, каб закрыць птушанят ад сонца, ці прыносяць ім ваду.

І трэцяе — адносіны. Гэта настолькі захапляе — нібыта бачыш прыгожую пару людзей, якія думаюць адно пра аднаго. Так і буслы — дзюбкай чысцяць пёркі партнёрам».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0