Фота pixabay.com

Ужо больш за паўтары гады людзі ва ўсім свеце мараць пра заканчэнне пандэміі кавіду. Здавалася, што чалавецтва выратуе вакцынацыя, але з’явіўся новы штам «дэльта», на які могуць захварэць нават прышчэпленыя людзі. Дык ці атрымаецца ў нас назаўсёды пазбавіцца ад віруса?

Новая праца новазеландскіх даследчыкаў, апублікаваная ў выданні British Medical Journal Global Health, сцвярджае: не варта адхіляць магчымасць таго, што кавід будзе знішчаны. Эксперты кажуць, што ўсё яшчэ магчыма знізіць колькасць заражэнняў ва ўсім свеце да нуля і не дапускаць з’яўлення новых, пакуль не будзе магчыма адмовіцца ад мер перасцярогі, піша Huffpost.

Навукоўцы параўналі кавід з дзвюмя іншымі хваробамі — воспай і паліёміелітам. Пры гэтым цалкам знішчаная толькі воспа, а выпадкі паліёміеліту яшчэ маюць месца ў Афганістане і Пакістане. Даследчыкі лічаць, што перамагчы кавід будзе больш цяжка, чым воспу, але больш лёгка, чым паліёміеліт. Пачынаць трэба з таго, каб дамагчыся вакцынацыі патрэбнай колькасці людзей і забяспечыць адпаведнасць вакцын новым штамам віруса.

З іншага боку, шэраг экспертаў лічаць, што немагчыма дасягнуць калектыўнага супрацькавіднага імунітэту. Гэтаму перашкаджае заразнасць штама «дэльта», якую можна параўнаць з заразнасцю ветраной воспы, а таксама нізкая хуткасць вакцынацыі. Напрыклад, у ЗША зараз толькі палова насельніцтва прайшла поўную вакцынацыю, а ў некаторых іншых краінах колькасць цалкам прышчэпленых ад кавіду грамадзян менш за 1%.

Пры гэтым нават калі кавід застанецца з намі назаўжды, хутчэй за ўсё чалавецтва здолее вярнуцца да адносна звыклага жыцця. Вірус можа ператварыцца ў хваробу нашкталт грыпа, ён працягне цыркуліраваць у чалавечай папуляцыі. Людзям, у сваю чаргу, час ад часу спатрэбіцца зноў праходзіць праз вакцынацыю, каб знізіць верагоднасць цяжкага цячэння хваробы.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру