Як працуе схема? 

У Беларусбанка акрамя дзяржавы і фізасоб ёсць акцыянеры-юрасобы. Нехта з іх, імаверна, меў крэдыт у Беларусбанку і ў 2019-м пагасіў як мінімум частку не грашыма, а акцыямі самога Беларусбанку. Згодна з заканадаўствам, Беларусбанк абавязаны гэтыя акцыі прадаць цягам году. І вось тут пачынаецца самае цікавае. 

Калі акцыі банка гандлююцца на ліквіднай біржы — зразумела, што ёсць арыенцір іх бягучай цаны. Але ў Беларусі такога няма.

Нават калі няма арыенціра, на развітых рынках банк можа ці пайсці да буйных прафесійных інвестараў і паглядзець як яны могуць ацэньваць акцыі, ці наняць спецыяліста па ацэнцы.

Але ў выпадку дзяржаўнага Беларусбанка ёсць сфармаваная цана ў 18 капеек за акцыю. Банк піша, параметр зададзены стратэгіяй развіцця. 

Набыць акцыі могуць толькі супрацоўнікі і акцыянеры банка. І вось, калі пратрымаць гэтыя акцыі ў сябе два гады, то існуе магчымасць абмяняць 18-капейкавыя акцыі на прывілеяваныя, цана на якія сёння — ад 3 да 4,5 рублёў. І гэта не канец росту. 

«Цяпер «прывілеяваных» акцый на рынку ў разы меней, чым звычайных, але таксама — амаль чатыры мільёны акцый. Па акцыях за 18 капеек дывідэнды амаль не плацяцца — прыбытковасць па іх атрымліваецца 1-2% у год, — тлумачыць «Нашай Ніве» фінансіст Максім Адаськевіч. — А па прывілеяваных акцыях дывідэнды вельмі вялікія, у 2020 былі 51 капейка на акцыю. То-бок праз два гады можна атрымаць даходнасць у сотні працэнтаў».

Такі прыбытак з'яўляецца цалкам легальным і можа быць адлюстраваны ў дэкларацыях. 

«Атрымліваецца, дывідэнды па прывілеяваных акцыях выплачваюцца ў выніку недаатрымання дывідэндаў па звычайных. Пры гэтым, звычайныя акцыі належаць дзяржаве. […] Самае цікавае адбываецца на трэцім этапе продажу акцый, калі здымаецца ліміт на колькасць акцый у адныя рукі — мінулым разам увесь нерэалізаваны аб'ём забралі за некалькі секунд», — звяртае ўвагу ў сваім тэлеграм канале фінансіст Дзмітрый Нарывончык

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0