Знайшлі рэдкую птушку Андрэй Барадзін, Аляксандра Кудзінава, Сяргей Анохін, Дар’я Уруціна, Кацярына і Аляксандр Вараб’ёвы. Вызначыў від Андрэй Барадзін, каардынатар Клуба200 АПБ.

Даведаўшыся, што на рыбгасе «Волма» спусцілі ваду на 6-й сажалцы, мы вырашылі з’ездзіць туды, — расказаў Андрэй сайту «Птушкі штодня». — Мае спадарожнікі хацелі там убачыць крычку-чэграву, мяне ж больш цікавілі кулікі. Іх было няшмат, прыемна ўразіла толькі чародка з 11 вялікіх кулёнаў. На дне сажалкі сядзелі і арланы-белахвосты, а сярод іх гэтая дзіўнаватая птушка. Я яшчэ там пажартаваў наконт арлана-даўгахвоста, таму што завочна быў знаёмы з гэтым відам (спадзяваўся ўбачыць яго падчас падарожжа ў Казахстане, але тады не атрымалася). Калі ж арлан узляцеў, Аляксандра змагла зрабіць некалькі здымкаў птушкі ў палёце. Я праглядзеў іх ужо ў хаце і спачатку думаў, што гэта арол-магільнік і толькі потым успомніў пра арлана-даўгахвоста. Знайшоў у інтэрнэце здымкі маладых птушак, якія выглядалі вельмі падобнымі да нашай. Звярнуўся да Андрэя Каваленкі, арнітолага з Казахстана і ён пацвердзіў вызначэнне.

Фота Аляксандры Кудзінавай, па якім вызначылі птушку

Фота Аляксандры Кудзінавай, па якім вызначылі птушку

Арлан-даўгахвост мае невялікі гнездавы арэал: напэўна, від гняздуе зараз толькі на паўночна-ўсходнім ускрайку Індыі і ў Бангладэш.

Від, які жыве на поўдзень ад Гімалаяў, сустрэчы якога адзінкавыя нават у Азіі за межамі гнездавога арэала, знойдзены ў Беларусі! У яго ёсць унікальная асаблівасць, якая доўгі час уводзіла ў зман навукоўцаў. Гэта адзіная птушка паўночнага паўшар’я (прынамсі драпежная), якая размнажаецца на поўдні свайго арэала зімой і мігруе на поўнач на летні перыяд. Гэты малады арлан-даўгахвост павінен быў здзейсніць вандроўку даўжынёй прынамсі 5 тыс. км, каб стаць сенсацыяй у Беларусі, — пракаментаваў знаходку Валер Дамброўскі, вядучы навуковы супрацоўнік НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах.

Арлан-даўгахвост знаходзіцца на мяжы знікнення. Колькасць птушак асабліва знізілася ў другой палове 20 ст. Прычыны дакладна невядомыя.

Аляксандр Вінчэўскі, дырэктар АПБ кажа:

«Вядомыя адзінкавыя сустрэчы арланаў-даўгахвостаў у Расіі, Украіне і Польшчы. Маладыя птушкі гэтага віду вельмі падобныя да маладых арланаў-белахвостаў, і часам арнітолагі няправільна вызначалі нават здабытых птушак. Гэта птушка добра сфатаграфавана. Невядома, колькі арлан будзе сядзець пад Мінскам, але зараз птушкары ўсіх суседніх краін спадзяюцца на яе візіт!»

Пасля зацвярджэння Беларускай арнітафаўністычнай камісіяй арлан-даўгахвост стане 338-м відам у спісе птушак Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0