Што тычыцца Качанавай, то яна сапраўды наведвала гомельскую калонію 5 жніўня. Але з Вольгай Класкоўскай не сустракалася.

Вольга Класкоўская

Вольга Класкоўская

«Вольгу загадзя яшчэ адправілі ў так званую «крытку» — памяшканне камернага тыпу. Яшчэ 3 жніўня. У ПКТ яна правядзе аж тры месяцы, дакладныя прычыны невядомыя. Фармулёўка: за сістэматычныя парушэнні правілаў унутранага распарадку.

Гэта дзіўна, бо незадоўга да таго Вольга атрымала падзяку ад адміністрацыі калоніі, яна мне пераслала гэтую паперку. Такі ліст з намаляванымі кветачкамі і швейнай машынкай, напісана там: «За ініцыятыву ў засваенні прафесіі швачкі, якаснае выкананне вытворчых заданняў, актыўны ўдзел у засваенні новых вытворчых працэсаў», падпісаны адміністрацыяй калоніі. 

Як напісала Воля, «хай гэты ліст ляжыць на памяць, пасля дзеці ці ўнукі будуць вывучаць гісторыю свайго роду».

Вольга прынцыпова адмаўлялася шыць форму для сілавікоў. Бо яе збівалі, катавалі, а цяпер яна мусіць ім форму шыць? За гэта яе пакаралі карцарам, агулам у ШЫЗА яна правяла месяц.

Але дробныя рэчы Вольга шыць не адмаўляецца — торбы, напрыклад, — бо што яшчэ рабіць у калоніі? — расказвае Людміла Класкоўская. — Таму было нечакана, калі Вольга даслала ліст: мама, толькі не хвалюйся, я з 3 жніўня ў ПКТ. 

Кажа, там трохі лягчэй, чым у карцары: адзіночная камера, шпацыр — паўгадзіны на дзень. Але нельга перадачы, нельга спатканні, тэлефанаванні, пасылкі. А «атаварка» дазваляецца толькі на 1 базавую на месяц (гэта 29 рублёў — НН). 

Вольга піша, набыла сабе халвы, паперу туалетную, трохі кавы — і ўсё.

Напярэдадні яе адпраўкі ў ПКТ я перадавала вялікую перадачу, але ёй не дазволілі браць з сабой ежу адтуль у «крытку».

Лісты ад яе не вельмі даходзяць, але паштовачкі я атрымліваю».

Людміла кажа, што на яе дачку недзе ў чэрвені завялі яшчэ адну крымінальную справу — за абразу прадстаўніка ўлады. Па гэтым артыкуле Вользе могуць прысудзіць да 3 гадоў пазбаўлення волі. 

«У яе ж забралі тэлефон пры затрыманні, і вось цяпер вырашылі, што з яе тэлефона быў адпраўлены нейкі камент ці нешта такое ў адрас нейкага міліцыянта з Брэста. Было тое яшчэ ці то ў верасні, ці то ў кастрычніку мінулага года.

Мяне нават цягалі на допыт па гэтай справе, бо я падарыла ёй той тэлефон — але што я там памятаю, што было год таму?

Цяпер кажуць, што магчыма яе этапуюць у СІЗА ў Брэст, і ў Брэсце ж будуць следчыя дзеянні, а пасля суд. Але пакуль што Вольга яшчэ ў гомельскай калоніі», — кажа Людміла Класкоўская. 

Акрамя таго, па словах маці, Вольга адмовілася пісаць прашэнне аб памілаванні: 

«Прыйшоў ліст ёй ад Васкрасенскага, але яна яго не стала нават чытаць. Кажа, для сябе усё вырашыла — невінаватая ні ў чым, таму няма ў чым каяцца. 

А да таго да Вольгі прыходзілі пагаварыць з пракуратуры і з адміністрацыі калоніі: а калі б вам прапанавалі памілаванне, ці напісалі б вы, каб была такая прапанова? Вольга адказала, што адмоўна ставіцца да такой прапановы.

Я ведаю, што і Наташы Хершэ (таксама адбывае пакаранне ў Гомелі — НН) прыходзіла прапанова аб памілаванні, яна таксама адмовілася». 

Людміла Класкоўская кажа, што дачка трымаецца бадзёра, нягледзячы на ўсе выпрабаванні і пакаранні.

«У Вольгі праблемы са зрокам. Яна кажа, што пякуць і баляць вочы, увесь час чорныя мушкі. Таксама спіна вельмі вельмі баліць, суставы. Яна пісала, што прыязджалі дактары ў калонію, акуліст паведаміў, што ў яе сасудзістыя змены ў вачах, ён звязвае гэта з траўмай галавы — яе ж білі пры затрыманні.

Гэтае зняволенне — катаванне, не толькі для дачкі, але і для нас усіх

кажа Людміла. — 

Але Вольга трымаецца. Зачытаю яе ліст: «Мама, я ўсё вытрымаю і абавязкова вярнуся да вас. Галоўнае нам усім не падаць духам, я сабе гэтага не дазваляю. Думаю ўвесь час пра вас і пра будучыню, пра лепшае жыццё ў нашай Бацькаўшчыне. Ведаю, што ўсё абавязкова скончыцца і будзе добра ў нас усё. Трымайцеся, вельмі вас усіх люблю». 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0