Яну затрымалі 20 верасня. Пасля нядзельнага марша яна ішла на прыпынак каля Акадэміі навук. Толькі закурыла, як падбеглі амапаўцы і схапілі пад рукі. Было крыўдна, дзяўчына разумела, што гэта можа стаць яе апошняй цыгарэтай у бліжэйшыя дні.

Ноч яна правяла ў жодзінскім ізалятары. На наступны дзень быў суд. Яне выпісалі штраф у пяць базавых (135 рублёў на той момант) за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі. Па другім артыкуле (непадпарадкаванне міліцыі) яе апраўдалі.

Пасля таго, як яе фоты разляцеліся па пабліках, дзяўчыне шмат пісалі. У тым ліку хлопцы, якія хацелі б пазнаёміцца.

«Але я не была зацікаўлена. Чалавеку падабаецца карцінка, а па ёй наогул не зразумела, хто я і што з сябе ўяўляю. Так, гэта забаўна было, але я скептычна ставілася»,— кажа яна пра падкаты.

Фота з архіву Яны

З аплатай штрафу дзяўчына не спяшалася. Пералічыла грошы ў апошні дзень, калі ехала з пахавання бабулі. Падумала, што лепш перастрахавацца, каб пасля не было праблем. Суд ёй дагэтуль скідаў пастанову па вайберы, таму Яна таксама даслала ім фота квітанцыі ў месенджар. А ў пачатку лістапада з дзвюх яе картак нечакана спісалі грошы — нібыта за нясплату штрафу. 

«Мне далі нумар маёй судовай выканаўцы. «Нам з суда ніхто не сказаў, што ў вас аплочана», — апраўдвалася яна. Прычым паведамленне, што супраць мяне завялі выканаўчую вытворчасць, прыйшло на пошту толькі дні праз тры. Яго адправілі ў той жа дзень, што спісалі грошы. Недзе дзён праз 10 іх вярнулі».

У снежні Яна з’ехала ў Польшчу.

«Такая тэндэнцыя была — маршы пайшлі на спад. Калі я спачатку спадзявалася на штосьці, то, паглядзеўшы на ўсё, не была ўпэўнена, што змагу заставацца ў бяспецы, таму вырашыла з’ехаць», — тлумачыць дзяўчына.

Яна падала дакументы на атрыманне міжнароднай абароны (гэта можа быць або статус бежанца, або дадатковая абарона), пакуль справу разглядаюць.

Кажа, была здзіўлена, што яе часам пазнаюць на вуліцах Варшавы.

«Бо па-першае, гэта іншая краіна, па-другое, я змяніла колер валасоў. Не было нават набліжанага да той фатаграфіі вобразу. Я гутарыла на вуліцы з фатографам, і тут да мяне падыходзіць малады чалавек: «Дык гэта ж вы! Можна сфатаграфавацца?»

У Мінску дзяўчына адвучылася ў каледжы пры Лінгвістычным універсітэце, пасля ў самім універсітэце — на выкладчыцу ангельскай мовы. У Польшы плануе зноў стаць студэнткай.

«Цяпер чакаю рашэння наконт залічэння на праграму Каліноўскага. Хачу паступаць на журналістыку ў Ягелонскі ўніверсітэт. 

Плюс нядаўна маё асноўнае хобі прыехала — атрымалася прыгнаць матацыкл з Мінска ў Варшаву. Я вельмі шчаслівая, нарэшце са мной кавалачак дома, майго жыцця. Я не цікаўлюся гонкамі. Мне больш падабаецца сам працэс перасоўвання з кропкі А ў кропку В, уражанні ад паездкі. А ляцець кудысьці на незразумелых хуткасцях — не пра мяне».

На матацыкле Яна ездзіць трэці год. Любіла падарожнічаць на ім па Беларусі — заязджала ў Крэва, Гальшанскі замак. Калі такое падарожжа па радзіме здарыцца наступны раз, Яна не ведае.

«Час пакажа, вярнуся ці не. Няпроста даваць суб’ектыўныя ацэнкі. Калі Лукашэнка сыдзе, штосьці зменіцца, я нешта змагу даць краіне — чаму і не? Але на сёння я пакуль не гатова».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру