Колькасць памерлых ад кавіду ў ліпені стала самай вялікай з пачатку пандэміі ў Расіі. Гэта вынікае з аналізу статыстычных даных Расстата з красавіка 2020 года па ліпень 2021-га, апублікаваных 27 жніўня. У ліпені COVID-19 стаў асноўнай прычынай смерці для 38922 расейцаў, што амаль у 1,9 раза больш, чым у чэрвені, і ў 7,7 раза больш, чым у чэрвені 2020-га.

Колькасць памерлых з дыягнаставаным кавідам (які не абавязкова быў асноўнай прычынай смерці) у ліпені вырасла ў 2,1 раза ў параўнанні з чэрвенем 2021 года і дасягнула 50421 выпадку. Паказчык вырас больш чым у восем разоў у параўнанні з ліпенем 2020-га.

Усяго ў ліпені 2021 года, паводле звестак Расстата, ад усіх прычын памерлі 215 265 расейцаў — гэта ў 1,2 раза вышэй за чэрвеньскія паказчыкі.

Віцэ-прэм'ер Расіі Таццяна Голікава заявіла, што высокая смяротнасць людзей з дыягнаставаным кавідам тлумачыцца новай хваляй каранавіруса, выкліканай больш заразным штамам «Дэльта».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0