«Я стараюся ўсім пісаць пра нейкія крутыя славутасці бліжэй да іх дома, — піша Ягор. — Згадаю пра Іўе і Воранава. 

Я не бачу асаблівай каштоўнасці ў стэлах-манументах-абелісках, але Іўе — адзінае выключэнне. Там стаіць мегаканцэптуальны манумент з чатырма кірункамі-указальнікамі, які вядзе да касцёла (каля яго копія Хрыста з Рыа), праваслаўнай царквы, мячэці (а там мусульман рэальна шмат) і да сінагогі (не захавалася). Вось такі сімвал шматнацыянальнай Беларусі. А вакол мячэці парнікі з агуркамі. Мусульмане там гаспадарлівыя!

Іўе. Фота Vedaj.by

Далей — Суботнікі. Прыгожы касцёл і хата Зянона Пазняка. Нападалёку палац у Жамыслаўлі. Гэта як Лазенкі ў Варшаве, але, па-мойму, нядаўна быў пажар, таму там аднаўляць і аднаўляць.

Суботнікі. Фота Vedaj.by

Кіламетраў 20 жорсткай гравійкі — і мы ў Геранёнах. Тут парэшткі замка, самыя маленькія парэшткі з усіх замкаў Беларусі) Фактычна кавалак сцяны пасярод лесу, але з якім захапленнем я скакаў па тым лесе) Ну і касцёл у Геранёнах таксама прыгожы, проста пад лесам-гарой. 

Гайцюнішкі. Фота Сяргея Плыткевіча, «Планета Беларусь»

А адтуль мы неяк праязджалі да Гайцюнішак. Гэта на самай мяжы з Літвой. Псіхбальніца для тых, каго адправілі за злачынства на прымусовае лячэнне. Адзіны дом-крэпасць у Беларусі! На ўваходзе аддаеш пашпарт, цябе запісваюць як турыста і пускаюць на тэрыторыю. У адзін з прыездаў мы нават унутр будынка трапілі. Адчыняеш дзверы — а на цябе пацыенты ідуць) 

Канвелішкі. Фота Вікторыя Пярлучына

Яшчэ пару кіламетраў углыбкі — стогадовы яркі драўляны касцёл. Канвелішкі, па-мойму. Ідэальнае месца для фотак у інстаграм) А калі вяртацца на трасу, то там касцёл у Беняконях (там ці то хрысцілі, ці то пахавалі Марыю, каханне Адама Міцкевіча) і за пяць кіламетраў ад яго сядзіба Марыі, яе бацькоў і мужа. А побач падлесак, дзе яна (замужняя дама!) сустракалася з Адамам. Усе мясцовыя загадкава ўсміхаюцца, калі згадваюць гісторыю) Вось такія норавы былі ў XIX стагоддзі! 

Беняконі. Фота Сяргей Плыткевіча, «Планета Беларусь»

Перавага гэтых мясцінаў у тым, што кожныя некалькі кіламетраў ёсць нешта вартае і цікавае. Так што абавязкова варта з’ездзіць!»

 

Ягор Марціновіч падчас падарожжа па Беларусі

На гэтым тыдні, 3-га верасня, у галоўнага рэдактара НН Дзень нараджэння. Звычайна ў гэты дзень ён адпраўляўся ў падарожжа. Але сёлета правядзе яго ў цеснай камеры, можа быць, нават без прагулкі ў турэмным дворыку. Побач не будзе ні сяброў, ні родных. 

Калі ласка, падтрымайце Ягора! Адпраўце яму ліст, паштоўку ці тэлеграму. Ва ўмовах ціску і пераследу гэта адзінае, што дапамагае трымацца. 

Ягор вельмі любіць Беларусь. І калі вы напішаце яму хаця б адзін цікавы факт пра свой родны горад ці вёску, яму будзе ўдвая прыемней. Турэмная пошта працуе вельмі марудна, таму віншаванні лепш адпраўляць ужо зараз.

Адрас: 220030, г. Мінск, вул. Валадарска, 2. СІЗА №1

Марціновічу Ягору Аляксандравічу

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?