З пачатку года ў Беларусі ў ДТЗ загінулі 19 і паранены 304 дзіцяці, паведамілі ва ўпраўленні ДАІ МУС.

Паводле інфармацыі Дзяржаўтаінспекцыі, найбольшая колькасць ДТЗ з удзелам дзяцей адбываецца вясной і летам. ДАІ рэкамендуе бацькам пастаянна нагадваць дзецям аб правілах бяспечных паводзінаў на дарогах, кантраляваць іх вольны час, а дзяцей да 12 гадоў перавозіць толькі ў спецыяльных фатэлях.

Як зазначылі ва ўпраўленні ДАІ ГУУС Мінгарвыканкама, 13 ліпеня ў Мінску адбыліся два ДТЗ, у якіх пацярпелі дзеці. У 11.30 вадзіцель аўтамабіля «Фольксваген‑Пасат» на скрыжаванні вуліц Палявой і Надзеждзінскай сутыкнуўся са скутэрам. У выніку быў паранены 12‑гадовы пасажыр скутэра. Вадзіцель аўтамабіля быў у стане алкагольнага ап’янення. У 19.30 яшчэ адзін вадзіцель аўтамабіля «Фольксваген‑Пасат» учыніў наезд на шасцігадовага хлопчыка, які пераходзіў праезную частку ў двары дома № 4 па вуліцы Гашкевіча. У дзіцяці пералом галёначнай косці.

Паводле інфармацыі сталічнай Дзяржаўтаінспекцыі за шэсць месяцаў у Мінску адбылося 56 ДТЗ, у якіх пацярпелі 58 дзяцей. Зафіксавана 13 ДТЗ, якія адбыліся па віне непаўналетніх.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0