9 жніўня ЗША, Вялікабрытанія і Канада ўвялі новы пакет санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі. Праз два дні МВФ згадзіўся даць Беларусі 910 мільёнаў даляраў у межах глабальнага размеркавання спецыяльных правоў запазычання. Пакуль заходнія краіны ўзмацняюць санкцыі супраць беларускага ўрада ў адказ на сур’ёзныя парушэнні правоў чалавека і міжнароднага права, МВФ фінансуе рэжым. І гэтую супярэчнасць трэба выправіць, піша выданне Bloomberg.

Такое адбываецца не ўпершыню. У 2008 годзе, сутыкнуўшыся з фінансавым крызісам, Беларусь звярнулася да МВФ па тэрміновую дапамогу. Як піша Гуд-Дэйвіс, калі пачаліся перамовы наконт вылучэння сродкаў Беларусі, ён, разам з прадстаўніком МВФ, спрабавалі знайсці рашэнне, якое б адначасова магло дапамагчы Беларусі, але таксама падтрымала б захоўванне правоў чалавека.

Аднак у выніку Мінск атрымаў 2,5 мільярда даляраў без ніякіх дамоў у галіне правоў чалавека. І ў той жа час ЕС і ЗША ўводзілі санкцыі супраць Беларусі. Але меры былі абмежаванымі, а кантэкст моцна адрозніваўся ад сённяшняга. Тады ў імкненні палепшыць адносіны з Захадам рэжым Лукашэнкі быў больш стрыманы ў рэпрэсіях супраць грамадзянскай супольнасці. На той момант падавалася, што сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі хоць і павольна, але паляпшаецца.

Рэпрэсіі, распачатыя падчас апошняй перадвыбарчай кампаніі, маюць беспрэцэдэнтны характар і толькі ўзмацняюцца. Міжнародныя скандалы, дзейнасць беларускіх спецслужбаў за мяжой, арганізацыя міграцыйнага крызісу на мяжы з Літвой ізалююць Беларусь ад усяго свету. Адносіны Лукашэнкі з Захадам ужо не змогуць нармалізавацца, лічыць Гуд-Дэйвіс. Тым не менш, дзеянні МВФ робяць усе санкцыі заходніх краін марнымі.

МВФ таксама дапамагае і Расіі падтрымліваць рэжым. З пачатку палітычнага крызісу ў Беларусі Расія выдала Лукашэнку новыя крэдыты. Пуцін разумее, што фінансавы крызіс у Беларусі можа паскорыць патэнцыйны пераход да дэмакратыі, як гэта было ў некаторых іншых аўтарытарных сістэмах. Расія працягвае падтрымліваць рэжым, маштаб рэпрэсій якога Еўропа не бачыла дзесяцігоддзямі. Пуцін таксама настойвае на інтэграцыі Беларусі і Расіі. Гэта пытанне можа ўключаць у сябе размяшчэнне расійскіх ваенных баз на тэрыторыі Беларусі, што выклікае занепакоенасць захаду, бо тры дзяржавы-сябры ЕС і НАТА маюць агульную мяжу з Беларуссю.

На фоне гэтага вылучэнне сродкаў МВФ не толькі падарунак для Беларусі, але і падтрымка мэты Расіі захаваць уладу Лукашэнкі.

У 2008 годзе спалучэнне крэдытаў і санкцый не кідалася ў вочы. Але з улікам сённяшняй сітуацыі ў Беларусі, такія дзеянні МВФ непрымальныя. Пры гэтым ёсць прэцэдэнты, якія пацвярджаюць, што не фінансаваць рэжым магчыма. Напрыклад, Венесуэла, дзе законным лідарам большасць прызнае Мадура.

Але ў гэтай сітуацыі іронія ў тым, што сродкі вылучаюцца на барацьбу з пандэміяй каранавіруса, якога, на думку Лукашэнкі, не існуе. Ён асудзіў дзеянні іншых краін у дачыненні да пандэміі, такія як каранцін і ізаляцыя. Але нядаўнія звесткі, апублікаваныя «кіберпартызанамі», указваюць на тое, што сапраўдная колькасць загінулых ад кавіду ў Беларусі дасягае 32 тысяч, што ў 14 разоў больш за афіцыйныя лічбы, падкрэслівае былы амбасадар. Рэжым з вялікай верагоднасць патраціць грошы МВФ на рэпрэсіі, а не на выратаванне жыццяў, лічыць аўтар калонкі. Таму дзеянні МВФ выклікаюць пытанні маралі і мэтазгоднасці.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру