Пётр Рудкоўскі. Фота Аляксандра Кісялёва, «Будзьма»

«Наша Ніва»: У сваім даследаванні вы пішаце, што за апошнія 70 гадоў налічваецца каля 480 выпадкаў сыходу аўтарытарных кіраўнікоў (звяржэнне, смерць або адстаўка). Наколькі верагодна змена рэжыму пасля сыходу Лукашэнкі?

Пётр Рудкоўскі: Гэта нескладанае пытанне (усміхаецца). Пра яго прасцей разважаць, чым пра працэс пераадольвання самой аўтакратыі. Даследчыца Барбара Гедэс і яе калегі шэраг гадоў праводзілі падлікі. Атрымалася такая статыстыка:

пасля звяржэння аўтакрата ў 50% выпадкаў іншы прадстаўнік той жа самай групы змог захаваць уладу. Яшчэ ў 50% назіралася змена рэжыму.

Але што адбываецца далей? Калі разглядаць асобна другую групу, то ў палове выпадкаў да ўлады прыходзілі вайскоўцы або іншыя аўтарытарныя лідары; у другой палове — дэмакраты. То-бок сыход аўтакратара — 25% імавернасці, што далей наступіць дэмакратыя.

«НН»: На што разлічваць беларусам?

ПР: Вывучэнне розных фактаў паказвае, што

ў Беларусі для дэмакратыі і для паспяховага пераходу да яе ёсць сур’ёзныя перадпасылкі.

У прыватнасці, гэта адсутнасць грамадскіх, этнічных, рэлігійных канфліктаў, адносна невысокая сацыяльна-эканамічная няроўнасць, адносна добрая сфармаванасць сярэдняга класу, даволі добрыя традыцыі вядзення бізнэсу. У такіх выпадках усталяванне дэмакратыі цалкам рэальнае.

«НН»: Вы казалі пра 50% верагоднасці, што ва ўладзе застаецца прадстаўнік той жа палітычнай групы. Для Беларусі гэта будзе добра ці дрэнна?

ПР: Добра ці дрэнна ў параўнанні з чым? Шмат залежыць ад канкрэтнай асобы і яе рашэнняў, атачэння, якое яна сфармуе. Часам карысна адарвацца ад беларускай рэчаіснасці і паглядзець на яе збоку. Напрыклад, узяць Іспанію і Партугалію сярэдзіны 1970-х гадоў.

Жыццё лідараў гэтых краін — Франка і Салазара — ішло да фіналу.

Гэтыя дыктатары спадзяваліся захаваць рэжым нават пасля ўласнага сыходу. Той жа Франка распланаваў усё, што мог, каб гарантаваць захаванне аўтакратычнай сістэмы, ідэалогіі і парадкаў кіравання.

«Усё вельмі добра павязана», — хваліўся ён. Тым не менш стаўленнікі Салазара і Франка мусілі пайсці на кампрамісы, бо адчуваўся моцны прэсінг грамадства і міжнароднай супольнасці.

Да таго ж у атачэнні гэтых дыктатараў таксама былі прыхільнікі зменаў. Упэўнены, што такія людзі засталіся і ў атачэнні Лукашэнкі нават пасля кадравых чыстак. Прычым гэта ягоныя стаўленнікі. Гаворка пра ўмоўнага Макея, а не Вакульчыка, колішняга старшыню КДБ.

Людзі з атачэння Салазара і Франка не збіраліся дэмакратызоўваць краіну, але працэс выйшаў з-пад кантролю. Нават калі месца Лукашэнкі зойме хтосьці з яго атачэння, існуе верагоднасць пазітыўных зменаў.

Хоць, натуральна, існуе іншы варыянт: сістэма пачне распадацца і пачнецца крывавы канфлікт паміж кланамі ўнутры яе. Між іншым, чаму многія з сілавікоў і асобныя прадстаўнікі бізнэсу баяцца пераменаў? Лукашэнка функцыянуе як арбітр. Таму іх кансерватызм — не толькі прыкмета лаяльнасці да яго, але і страх, што нейкая групоўка зойме ўладу.

«НН»: Вы проводзілі прыклад з Іспаніяй і Партугаліяй. Але ў іх не было такога моцнага суседа, якім у нас з’яўляецца Расія. Вядомыя прыклады, калі адзін аўтарытарны рэжым падтрымліваў іншыя?

ПР: Першы дырэктар BISS Віталь Сіліцкі з’яўляецца аўтарам канцэпцыі «аўтарытарны інтэрнацыянал». Напрыклад, Салазар і Франка падтрымлівалі адзін аднаго, хоць паміж краінамі меліся супярэчнасці. Але

класічны прыклад — гэта камуністычны блок. Унутры яго меліся агромністыя ўнутраныя канфлікты. Напрыклад, паміж Румыніяй і СССР або паміж Албаніяй і СССР. Але ў процідзеянні дэмакратычным рухам назіралася поўная салідарнасць.

Адно з даследванняў навукоўца Севы Гуніцкага сведчыць, што дэмакратычныя зрухі пераважна адбываюцца тады, калі на міжнароднай арэне змяняецца геапалітычная структура. Калі сур’ёзныя аўтарытарныя гегемоны губляюць сілу, вельмі імкліва распаўсюджваюцца дэмакратычныя рухі.

Пасля Першай і Другой сусветных войнаў, падчас і пасля падзення Савецкага Саюза яны былі вельмі масштабнымі. Праўда, такія хуткія перамены маюць і свае негатыўныя моманты: усё можа вярнуцца назад. Павольнае і пакутлівае крочанне да дэмакратыі дае больш шансаў, што гэтая дэмакратыя будзе стабільнай.

«НН»: Падчас даследавання вы аналізавалі сітуацыю ў іншых краінах. Нейкі кейс нагадваў вам беларускі досвед?

ПР: Асцерагаюся такіх наўпроставых параўнанняў. У Беларусі няма нечага асаблівага, чым яна вылучаецца сярод іншых краін. Беларусы не горшыя і не лепшыя за суседзяў.

Логіка працэсаў у розных краінах падобная. Ды і чалавечая прырода застаецца такой жа: са страхамі, надзеямі, прарывамі. У сітуацыі хістання рэжыму людзі становяцца смялейшымі.

У той жа Польшчы цягам 1980 — пачатку 1981 года назіраліся акцыі «Салідарнасці». Пасля ўлады ўвялі ваеннае становішча. Цягам некалькіх гадоў грамадства заставалася прыгнечаным. Але як толькі ваеннае становішча адмянялі, грамадства акрыяла.

Можна пайсці іншым шляхам і ўбачыць асобныя падабенствы з той ці іншай краінай. Мы, як і Арменія, моцна ўцягнуты ў арбіту Расіі. Але гэтая закаўказская краіна мае тысячагадовую гісторыю і моцную нацыянальную самасвядомасць, чаго не хапае беларусам.

Адзін з апошніх прыкладаў краіны, дзе была пераадоленая аўтакратыя, — Туніс. Рэвалюцыя ў гэтай краіне адбылася пры актыўным выкарыстанні інтэрнэту і сацыяльных сетак. Яшчэ адно падабенства:

і Лукашэнка, і кіраўнік гэтай афрыканскай рэспублікі Бен Алі рабілі акцэнт на спецслужбы і ўнутраныя войскі, але відавочна недаацэньвалі армію і не ўкладалі асаблівыя грошы ў яе мадэрнізацыю.

У Тунісе або ў Румыніі часоў Чаўшэску салдатам наўпрост аддалі загад страляць па дэманстрантах. Летась у Беларусі да гэтага не дайшло, таму мы не ведаем, як у выніку паводзілі б сябе вайскоўцы. Але ў вырашальны момант яны маглі б адмовіцца выконваць загад. Не толькі кіруючыся салідарнасцю з пратэстоўцамі, але і з-за адчужанасці, бо рэжым не ўспрымаў іх сур’ёзна. Але гэта пытанне імавернасці, а не жалезных законаў гісторыі.

«НН»: Вы верыце ў іх існаванне?

ПР: Яшчэ задоўга да гэтага даследавання я прыйшоў да пераканання, якое засталося нязменным: законаў гісторыі не існуе. Натуральна, натхняльна пачуць, што, маўляў, згодна з законам гісторыі Беларусь ідзе ў кірунку да дэмакратыі. Але гісторыя залежыць ад дзеянняў канкрэтных людзей, надзеленых розумам, свабодай і воляй. Можна прадбачыць толькі кароткатэрміновую перспектыву.

Аднак агулам гісторыя мае адкрыты характар, і шансы на перамены раз-пораз з’яўляюцца. Гэта можа быць паслабленне рэжыму ці ўнутраны канфлікт, эканамічныя праблемы ці нечаканы канфлікт паміж Пуціным і Лукашэнкам.

Іх немагчыма прадказаць. Але іх так шмат, што на працягу найбліжэйшых гадоў яны будуць з’яўляцца. Таму ўсё залежыць ад нас з вамі.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру