Уключэнне чыноўнікаў у партыйны спіс яшчэ не сведчыць пра іх абавязковую працу ў расійскім парламенце. У 2007-м «Адзіную Расію» аднаасобна вёў на выбары Уладзімір Пуцін, у 2011-м і 2016-м — Дзмітрый Мядзведзеў. Сёлета спіс узначальваюць адразу пяцёра, з іх два палітыка — міністр абароны, 66-гадовы Сяргей Шайгу, і міністр замежных спраў, 70-гадовы Сяргей Лаўроў.

Чаму менавіта яны? Узровень даверу да «Адзінай Расіі» і агулам да іншых чыноўнікаў не самы высокі. Як загадзя прадказвалі крыніцы расійскага выдання РБК, Мядзведзеў не трапіў у пяцёрку з-за нізкага ўласнага рэйтынгу. А вось

Шайгу і Лаўроў дастаткова папулярныя. Першы стварыў сабе рэпутацыю яшчэ падчас доўгай працы на чале Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Лаўроў асацыюецца з паспяховай і «пераможнай» знешняй палітыкай.

Але расійскі паліттэхнолаг Станіслаў Бялкоўскі мяркуе, што пасля выбараў Лаўроў сыдзе ў Дзяржаўную Думу або ў Савет Федэрацыі на пасаду пажыццёвага сенатара. Дарэчы, калі РБК звярнулася ў МЗС Расіі з просьбай пра каментар, іх пераадрасавалі ў «Адзіную Расію» — красамоўны намёк пра тое, хто прымае рашэнні.

Хто такі Лаўроў?

Сяргей Лаўроў — прафесійны дыпламат, які ніколі не займаўся бягучай палітыкай і не ўдзельнічаў у выбарах.

Ён нарадзіўся ў 1950 годзе ў Маскве. Захапляўся дакладнымі навукамі, збіраўся паступаць у інжынерна-фізічны інстытут. Але маці, якая працавала ў Міністэрстве знешняга гандлю, пераканала яго паступаць у знакаміты МГІМА, дзе рыхтавалі дыпламатаў. Дарэчы, асновы англійскай мовы Лаўроў заклаў яшчэ дома — і гэта паспрыяла яго кар’еры.

Будучы міністр скончыў ВНУ з наступнай пазнакай у дыпломе: «рэферэнт па краінах Усходу». Ён вучыў сінгальскую мову — адну з двух афіцыйных на востраве Шры-Ланка. Не самы прэстыжны і перспектыўны выбар, калі казаць пра далейшую кар’еру. Затое

пасля сканчэння ўніверсітэта Лаўроў адразу паехаў за мяжу — спачатку стажорам, а пасля аташэ ў пасольства гэтай краіны.

Расказвалі, што дыпламат засумаваў на экзатычным востраве, і нават думаў, ці не перайсці яму ў разведку. Але самі разведчыкі яго адгаварылі. У 1976-м у савецкім МЗС вызвалілася пасада аташэ ў аддзеле міжнародных арганізацый, і невядомы дабрадзей — мо, дзякуючы спрыянні маці Лаўрова — прапанаваў ягоную кандыдатуру.

З таго часу кар’ера дыпламата ішла ўверх. Пяць гадоў працы ў цэнтральным апараце МЗС, сем гадоў у савецкім паўнамоцным прадстаўніцтве ў Нью-Ёрку, потым зноў у цэнтральным апараце.

У 40 гадоў Лаўроў узначаліў упраўленне міжнародных адносін, а ў 1992-м міністр замежных спраў Андрэй Козыраў зрабіў яго сваім намеснікам. У тыя часы паміж Расіяй і Захадам назіралася поўная гармонія. Козыраў наогул лічыўся міністрам-лібералам. Але Лаўрова гэта абсалютна не бянтэжыла.

Потым дыпламат дзесяць гадоў працаваў у Нью-Ёрку — узначальваў прадстаўніцтва Расіі пры ААН. А ў 2004-м стаў міністрам і дагэтуль захоўвае сваю пасаду.

17 гадоў на адной пасадзе

Андрэй Грамыка

Андрэй Грамыка

Столькі гадоў на адной пасадзе — велізарны тэрмін для сучаснага свету, дзе ва ўладзе рэгулярна змяняюцца лідары і каманды. Але для Расіі эра Лаўрова далёка не самая працяглая: беларус Андрэй Грамыка кіраваў савецкім МЗС 28 гадоў. У часы Расійскай імперыі Карл Несэльродэ і Аляксандр Гарчакоў узначальвалі гэтае ведамства, адпаведна, 34 і 26 гадоў.

Ва ўсіх гэтых дыпламатаў меліся свае плюсы і мінусы. Яднала іх адно — асабістыя добрыя стасункі з імператарамі і генсекамі, якія не хацелі змяняць міністраў, з-за чаго тыя кіравалі ведамствамі цягам усяго перыяду кіравання манархаў.

Але акрамя псіхалагічнай існавалі і іншыя прычыны.

У гісторыі Расіі знешняя палітыка заўжды з’яўлялася прэрагатывай кіраўніка дзяржавы. Гэта мела месца ў часы імперыі і Савецкага Саюза, тое ж назіраецца і ў незалежнай Расіі.

«Мне часта казалі, што ў Расіі ёсць палітычны цэнтр, які вызначае палітыку ў дачыненні да Украіны. Усе закочвалі вочы і казалі, што ёсць толькі ён і ад яго ўсё залежыць», — расказваў журналістам Алег Рыбачук, адзін з паплечнікаў украінскага прэзідэнта Віктара Юшчанкі.На ўдакладняльнае пытанне ён адзначыў, што гаворка пра Пуціна. «Усе астатнія — другасныя цэнтры».

Для працы на такой пасадзе ў лепшым выпадку патрабаваўся аднадумец, у горшым — выканаўца, але ніяк не прыхільнік самастойнай лініі (як выключэнне — Грамыка, але яго ўплыў узрастаў прапарцыйна хваробам Леаніда Брэжнева).

Працаздольны, добра падрыхтаваны, дасведчаны Лаўроў быў сваім у час застою і перабудовы, ліберальных 1990-х і кансерватыўных дзясятых, пры Пуціне, Мядзведзеве і зноў пры Пуціне, а таксама пры ўсіх сваіх папярэдніках на пасадзе міністра.

У 1990-х ён разам з усім істэблішментам сябраваў з Захадам, а ў 2004-м — на фоне ўкраінскай «аранжавай рэвалюцыі» — абвінаваціў АБСЕ ў тым, што арганізацыя маніпулюе выбарамі на постсавецкай прасторы і забяспечвае вынік, неабходны Захаду. У наступным годзе ён заявіў у вузкім коле сенатараў, што галоўным рэсурсам краіны з’яўляецца газ, нафта і электраэнергія. Лаўроў паабяцаў прымяняць эканамічны ціск у дачыненні да недастаткова лаяльных краін СНД, — пісала «Незалежная газета».

У атмасферы новай «халоднай вайны» Лаўроў стаў ужываць лексіку, якая дагэтуль лічылася не надта прыстойнай. Калі адбыўся канфлікт у Паўднёвай Асеціі, ён працытаваў выказванне пра Міхаіла Саакашвілі, якое нібыта ўжыў адзін дыпламат. У гэтых словах прысутнічаў мат.

Лаўроў і Беларусь

Як змянялася стаўленне Лаўрова да Беларусі? 19 жніўня 2020 года ён назваў прэзідэнцкія выбары ў Беларусі неідэальнымі.

Пасля рытуальнай крытыкі Захаду дыпламат заявіў, што «беларусы змогуць самі разабрацца ў сваіх справах і не будуць ісці за тымі, каму Беларусь патрэбная, каб засвойваць геапалітычную прастору». Лаўроў адзначаў, што бачыць «гатоўнасць уладаў да дыялогу». У заяве не прагучала адназначнай падтрымкі Лукашэнкі, Масква выразна намякала на магчымасць перамоў.

У лістападзе 2020-га Лаўроў прылятаў у Мінск, перадаў Лукашэнку прывітанне ад Пуціна і нагадаў пра неабходнасць канстытуцыйнай рэформы, якую Пуцін і Лукашэнка абмяркоўвалі ў верасні.

Але потым рыторыка цалкам змянілася. Пасля інцыдэнту з пасадкай самалёта Ryanair Масква заклікала ацэньваць сітуацыю вакол Беларусі на цвярозую галаву. Лаўроў паабяцаў «не пакінуць Беларусь у бядзе» з-за знешняга ціску. Гэты курс цалкам супадаў з пазіцыяй Крамля.

Магчымыя пераемнікі

Сяргей Нарышкін

Сяргей Нарышкін

Станіслаў Бялкоўскі называе сярод магчымых пераемнікаў Лаўрова двух асоб: 66-гадовага Сяргея Нарышкіна і 49-гадовага Антона Вайно.

Нарышкін з'яўляецца выхадцам з КДБ. Ён пазнаёміўся з Пуціным яшчэ ў 1980-м, працаваў з ім у санкт-пецярбургскай мэрыі. З’яўляўся кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта, спікерам Дзяржаўнай думы, зараз кіруе знешняй разведкай.

Палітычны аналітык Арцём Шрайбман згадваў у праграме «ТОК» гісторыю 2010 года, калі Нарышкін быў кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта пры Дзмітрыі Мядзведзеве. «[Яны] заявілі, што не вызначыліся, каго будзем падтрымліваць на гэтых [прэзідэнціх] выбарах [у Беларусі]. Народ сам вырашыць», — адзначаў аналітык.

Магчыма, гаворка менавіта пра пазіцыю Мядзведзева? Але Нарышкін быў і застаецца чалавекам Пуціна. Таму выказаў хутчэй агульную пазіцыю Крамля.

Вайно — сын Карла Вайно, які ў савецкія часы дзесяць гадоў кіраваў Эстонскай ССР, сёлета яму споўнілася 98 гадоў. Вайно-малодшы па адукацыі дыпламат, пачынаў кар’еру ў пасольстве Расіі ў Японіі. Але пасля непрацяглай працы ў апараце МЗС перайшоў ва Упраўленне пратакола Адміністрацыі прэзідэнта, дзе і зрабіў кар’еру.

Антон Вайно

Антон Вайно

Калі кіравацца ўзростам і адукацыяй, найбольш верагодны пераемнік Вайно. Калі пераемнасцю, то хутчэй гаворка пра Нарышкіна. Бо для яго МЗС стане чарговым этапам кар’еры, а для Вайно такое прызначэнне стане паніжэннем.

Але ў абодвух выпадках рашэнне, якой будзе знешняя палітыка нашых усходніх суседзяў, будзе прымаць Крэмль.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0