У пасольстве Беларусі ў Расіі «катэгарычна абверглі» раней распаўсюджаныя шэрагам расійскіх СМІ паведамленні са спасылкай на пасла Уладзіміра Сямашку аб падпісанні саюзных праграм Лукашэнкам і Пуціным на сустрэчы 9 верасня, паведамляе БелТА.

У пасольстве заявілі, што на сустрэчы Пуціна і Лукашэнкі будуць абмяркоўвацца беларуска-расійскія адносіны, у тым ліку тэматыка развіцця Саюзнай дзяржавы. «Падпісаныя саюзныя праграмы могуць быць 10 верасня на пасяджэнні саюзнага Саўміна», — працытавалі ў дыппрадстаўніцтве раней сказанае Уладзімірам Сямашкам. У пасольстве адзначылі, што многія расійскія СМІ далі скажоную інфармацыю са спасылкай на пасла.

У пасольстве падкрэслілі, што ў выступе пасла аб падпісанні саюзных праграм Лукашэнкам і Пуціным на сустрэчы ў Маскве не гаварылася.

Нагадаем, сёння расійскія СМІ распаўсюдзілі паведамленне, у якім сцвярджалася, што пасол Беларусі Уладзімір Сямашка на сустрэчы з губернатарам Варонежскай вобласці Аляксандрам Гусевым і віцэ-спікерам Дзярждумы Аляксеем Гардзеевым расказаў пра падпісанне Пуціным і Лукашэнкам 9 верасня ўсіх дарожных карт інтэграцыі.

Пра гатоўнасць падпісання дарожных карт у гэтым годзе заяўлялася неаднойчы, аднак і тэрміны ссоўваліся.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0