PAP

Па словах кіраўніка польскага МУС Марыюша Каміньскага, з моманту ўвядзення рэжыму надзвычайнага становішча на мінулым тыдні на мяжы з Беларуссю, было зафіксавана 457 спробаў нелегальнага перасячэння мяжы, а з пачатку жніўня было больш за 4000 спробаў.

Па словах прэм'ера Маравецкага, лагер бежанцаў побач з Уснаж-Гурным — гэта прыкрыццё для арганізаванай акцыі беларускіх ведамстваў, — мяркуе Маравецкі.

«Беларускія службы забяспечваюць мігрантаў спецсродкамі, харчаваннем, дапамагаюць ім у спробах перасячэння польскай мяжы», — мяркуе прэм'ер.

Што да будучых вучэнняў «Захад-2021», што маюць распачацца 10 верасня, то прэм'ер-міністр лічыць, што гэта толькі павялічыць напружанне. «Праз некалькі дзён пачнуцца найбуйнейшыя за 40 гадоў вайсковыя вучэнні «Захад-2021».

Падчас іх могуць быць распачатыя спробы правакацый. Ужо сёння на мяжы былі чутныя выбухі на прылеглых палігонах. Такой напружанай сітуацыі на мяжы ў нас не было апошнія 30 гадоў. Гэты крызіс ёсць спробай выклікаць хаос».

Як зазначыў Марыюш Каміньскі, мігранты забяспечаныя харчаваннем, адзеннем, спальнымі мяшкамі. Іх падвозяць на мяжу. Памежная служба ідэнтыфікуе новыя асобы.

«Большая частка асоб, якія перасякаюць мяжу, — грамадзяне Ірака, якія самалётам дабраліся з Багдада ў Мінск». Па яго словах, ёсць група з Афганістана, аднак іх не варта звязваць з апошнімі падзеямі — гэта людзі, якія некалькі гадоў знаходзіліся на тэрыторыі Расіі. «Былі там і працавалі легальна, але ім было прапанавана перабрацца ў ЕС. Яны плацяць у сярэднім 5,5 тысячы даляраў за чалавека [за паслугі па трансферы ў ЕС]. Большая частка здзіўленая, што яны трапілі ў Польшчу, а не ў Нямеччыну», — зазначыў Каміньскі.

На думку шэфа Памежнай службы Томаша Прагі, з беларускага боку цяпер знаходзіцца блізу дзесяці тысяч мігрантаў.

«Мігрантаў забіраюць у Мінску, па іх прыязджаюць мікрааўтобусы, якія затым накіроўваюцца да мяжы, — дадаў Каміньскі. — Там іх прымаюць людзі ў масках, у форме і са зброяй, вядуць іх на мяжу і паказваюць месцы пераходу. Часам ставяць лесвіцы, ствалы дрэў, каб мігранты маглі пералезці праз плот, аднак мы іх затрымліваем з практычна стоадсоткавай выніковасцю».

На прэс-канферэнцыі таксама было ўзнята пытанне магчымай кампенсацыі мясцовым прадпрымальнікам за ўзвядзенне надзвычайнага становішча.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0