Памёр акцёр Жан-Поль Бельмандо.

Акцёру было 88 гадоў.

Творчы дэбют Бельмандо адбыўся ў Парыжы ў 1950 годзе, калі ён сыграў ролю прынца ў спектаклі «Спячая прыгажуня».

Але вядомасць да Жан-Поля прыйшла праз дзесяць гадоў, пасля фільма «На апошнім дыханні», які ўвайшоў у гісторыю сусветнага кінематографу. У 1970-я гады, у зеніце славы, Бельмандо здымаўся ў баевіках і камедыях. Практычна ўсе трукі ў фільмах ён выконваў сам («Цудоўны», «Пачвара», «Ас з асаў», «Прафесіянал»).

Вобраз юнага бунтара з усмешкай, створаны акцёрам, стаў прадметам пераймання еўрапейскай моладзі тых гадоў.

Бельмандо працаваў на адной пляцоўцы з такімі сусветна вядомымі рэжысёрамі, як Жан-Люк Гадар, Клод Лелюш, Марсэль Карнэ, Жан-П’ер Мельвіль.

У парыжскім тэатры «Марыньі» ён з поспехам сыграў галоўную ролю ў п’есе Аляксандра Дзюма «Кін» у пастаноўцы французскага рэжысёра Рабэра Асэйна, а затым — у спектаклі «Сірано дэ Бержэрак». А ў 1991 годзе Жан-Поль Бельмандо набыў уласны тэатр «Вар’етэ».

Акцёр быў удастоены высокіх узнагародаў Францыі — ордэна Ганаровага легіёна і ордэна «За заслугі ў галіне мастацтва і літаратуры».

Вялікую славу і любоў гледачоў у СССР прынёс Бельмандо фільм «Прафесіянал».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0