На відэа бачна, што іракцы туліліся на нейтральнай паласе, а побач каля іх стаяць памежнікі.
Спаць мігрантам даводзілася проста на зямлі. Каб сагрэцца, яны пастаянна палілі вогнішчы. А каб не змокнуць ад дажджоў, апраналі на сябе і сваіх дзяцей пакеты для смецця.
На сувязі з «Нашай Нівай» быў адзін з удзельнікаў групы — 19-гадовы Рава Ясэн. Да таго, як патрапіць у Беларусь, Рава жыў у горадзе Эрбіль — сталіцы Курдскай аўтаномнай акругі ў Іраку.
Разам са сваякамі і сябрамі ён прыляцеў у Менск у пачатку жніўня, пасля чаго невядомыя людзі адвезлі іх усіх на мяжу.
Тыдзень таму сувязь з Равам абарвалася, але ён паспеў даслаць тыя самыя відэа ў рэдакцыю. Што цяпер з мігрантамі і самім Ясэнам, невядома.
Нагадаем, з ліпеня памежнікі Латвіі, гэтаксама як і іх калегі з Польшчы і Літвы, не прапускаюць на сваю тэрыторыю большасць мігрантаў, якія прыбываюць з Беларусі. У ЕС абвінавачваюць Беларусь у арганізацыі нелегальных патокаў мігрантаў і называюць дзеянні беларускіх уладаў і памежнікаў «гібрыднай атакай».
Чытайце таксама:
Міграцыйны крызіс на беларуска-літоўскай мяжы: што не так з аргументамі лукашэнкаўцаў?





