Фота: The Times of Israel.

Фота: The Times of Israel.

Што здарылася?

Дзяржава Ізраіль адной з першых у свеце распачала масавую вакцынацыю свайго насельніцтва ад кавіду. Яна дамаглася на першых этапах поспехаў і стала эталонам для іншых у пытанні барацьбы з ім.

З канца 2020 года блізкаўсходняя краіна вакцынавала сваіх грамадзян ашаламляльнымі тэмпамі, і пад канец сакавіка 2021 года дабілася таго, што больш за палову ізраіліцян мелі прышчэпкі.

Шпаркая вакцынацыя супала з імклівым падзеннем колькасці новых выпадкаў кавіду ў Ізраілі. На 1 красавіка ў 9-мільённай краіне зафіксавалі толькі 351 новы выпадак кавіду — у дзясяткі разоў менш, чым на піку эпідэміі ў студзені і лютым. Людзі спадзяваліся, што шырокая кампанія вакцынацыі дазволіць вярнуцца да нармальнага, дакавіднага жыцця.

Здавалася, прагрэсіўны Ізраіль паказаў усяму свету прыклад, і кавід амаль перамаглі. Але радасць была нядоўгай. З сярэдзіны лета ў краіне пачаў пашырацца штам «Дэльта», колькасць хворых пачала імкліва расці. Былі пабітыя ўсе магчымыя рэкорды.

Напрыклад, ужо 3 верасня ў Ізраілі было зафіксавана 11 210 новых выпадкаў. Сітуацыя выглядае дзіўнай на фоне суседняй Іарданіі, дзе вакцынавалі нашмат менш людзей, але такога росту не назіраецца. Каб спыніць новую хвалю, урад пачаў актыўна заклікаць грамадзян да трэцяй, «бустарнай» дозы вакцыны.

Вяртанне кавіду ў вакцынаваны Ізраіль стала пажыўным сокам для антывакцынатараў і скептыкаў вакцын, новая хваля кавіду дадала ім козыраў. Асабліва часта тыражуюцца звесткі пра тое, што істотная частка захварэўшых — вакцынаваныя.

Але ці можна сцвярджаць, што вакцынацыя аказалася цалкам неэфектыўна і пазбаўленай сэнсу? Не. Даведзена, што вакцына застаецца эфектыўным спосабам барацьбы з кавідам і ягонымі ўскладненнямі.

Смяротных выпадкаў і цяжкіх цячэнняў кавіду істотна паменела

Падчас папярэдняй хвалі кавіду, якая была зімой, у Ізраілі ад хваробы паміралі па 50—60 чалавек штодзень. Зараз жа паказчыкі смяротнасці істотна меншыя — па 20—30 смерцяў штодзень, нягледзячы на большую колькасць хворых. 

Большасць памерлых — не вакцынаваныя

Паводле звестак ізраільскага Мінздароўя на 6 верасня, з пачатку месяца ад кавіду памерлі 122 чалавекі. 53% з іх (65 чалавек) не былі вакцынаваныя. 42 чалавекі не паспелі атрымаць трэцюю прышчэпку (34%). 15 чалавек (12%) памерлі, нягледзячы на тое, што мелі ўсе тры прышчэпкі.

Прышчэпка істотна павышае шанец на выжыванне пры заражэнні каранавірусам, асабліва калі гаворка ідзе аб маладых людзях.

Окей, але ж вакцынаваныя ўсё роўна хварэюць і паміраюць, і іх нямала. Чаму так?

У Ізраілі 60% шпіталізаваных пацыентаў — вакцынаваныя. Гэтая сітуацыя называецца «парадоксам вакцынацыі»: у высокавакцынаваных грамадствах большасць выпадкаў хваробы будзе менавіта ў вакцынаваных.

Рэч у тым, што вакцынаваных людзей нашмат больш, чым невакцынаваных (сярод грамадзян, старэйшых за 60 гадоў, вакцынаваных ў дзясяткі разоў больш, чым невакцынаваных). Таму трэба параўноўваць не абсалютную колькасць цяжкіх выпадкаў і смерцяў, а адносную колькасць.

Адносная лятальнасць (адносіны колькасці памерлых ад COVID-19 да колькасці заражаных) сярод непрышчэпленых шматразова перавышае адносную лятальнасць сярод тых, хто атрымаў хаця б адну дозу вакцыны.

Сярод дарослых ізраіліцян невакцанаванымі застаюцца 20%, але цяпер яны складаюць палову ўсіх сур'ёзных выпадкаў захворвання на COVID-19 у краіне.

Інтэрпрэтаваць статыстычныя даныя можна толькі з улікам кантэксту. 

Рызыка ўзнікнення цяжкіх сімптомаў павялічваецца з узростам як для вакцынаваных, так і для невакцынаваных людзей, але найбольш рызыка ўзрастае менавіта сярод невакцынаваных.

Для асоб ва ўзросце ад 60 да 69 гадоў сярод невакцынаваных налічваецца 71,8 выпадку на 100 000 чалавек і толькі 8,7 выпадку для цалкам вакцынаваных. Гэтая колькасць ўзрастае да 208 і 20 выпадкаў адпаведна для асоб ва ўзросце 70—79 гадоў і да 266 і 47 для асоб ва ўзросце 80—89 гадоў.

Такую сітуацыю ў статыстыцы называюць «парадоксам Сімпсана», калі ўсе даныя разам часта выглядаюць абсалютна інакш, чым сума іх асобных частак. У выпадку Ізраіля дзіўныя лічбы шпіталізацыі вакцынаваных тлумачацца ў асноўным узростам вакцынаваных людзей.

Вакцынавана ўжо каля 80% дарослага насельніцтва. Калі б усе ізраіліцяне былі вакцынаваны, то ўсе шпіталізаваныя ад каранавіруса людзі былі б вакцынаваны — і гэта, відавочна, не азначала б, што вакцынацыя неэфектыўная.

Маленькі прыклад: летась у Беларусі абсалютная большасць аварый была з удзелам цвярозых кіроўцаў. Але ж ніхто не кажа, што давайце нап'ёмся і рух будзе бяспечнейшы. Відавочна, што п’яны стан істотна павялічвае вашы шанцы трапіць у аварыю і магілу. Гэты прыклад паказвае, наколькі прымітыўныя аргументы ў антывакцынатараў.

Сярод вакцынаваных — больш старых і людзей з групы рызыкі

Кавід істотна памаладзеў. Усё больш выпадкаў хваробы пачало фіксавацца сярод моладзі. Штам «Дэльта» заразнейшы за папярэднія, ды і пачалося масавае тэставанне школьнікаў і студэнтаў на кавід. 

Паводле справаздачы мінздароўя Ізраіля, 43% заражаных каранавірусам ў краіне — ва узроставай катэгорыі 0—19 гадоў. І толькі 8% — старэйшыя за 60 гадоў. Пры гэтым 72% цяжкахворых — старэйшыя за 60 гадоў.

Важна, што моладзь, якой зараз так шмат сярод хворых, была найменш вакцынаванай. Нагадаем, у першую чаргу вакцынавалі менавіта старых.

На 5 верасня ва ўзроставай катэгорыі 90+ першую дозу вакцыны атрымалі 94% грамадзян, вакцынаваны дзвюма дозамі 91%, трыма дозамі — 73%, у катэгорыі 80-89 — 95%/92%/78%, 70-79 — 96%/94%/82%, 60-69 — 92%/88%/68%, 50-59 — 91%/86%/54%, 40-49 — 88%/82%/39%, 30-39 — 85%/79%/25%, 20-29 — 81%/73%/16%, 16-19 — 82%/71%/10%, 12-15 — 49%/33%.

Паколькі вакцынавалі ў першую чаргу старых людзей, больш схільных да смерці і ўскладненняў, цалкам натуральна, што вакцынаваных будзе не мала сярод смяротных і цяжкіх выпадкаў. 

Калі амаль усё насельніцтва ў групах рызыкі вакцынавана, то, натуральна, у бальніцы будуць трапляць у тым ліку людзі, якія былі вакцынаваны.

Напрыклад, сярод цяжка хворых у катэгорыі 60+ невакцынаваных — 218, цалкам вакцынаваных — 210. Здавалася б, амаль аднолькавая колькасць. Але калі мы паглядзім на працэнт цяжка хворых сярод вакцынаваных і невакцынаваных, мы пабачым больш наглядныя лічбы.

Сярод грамадзян ва ўзроставай катэгорыі 60+ цяжкахворых і непрышчэпленых — 286/100 тысяч, цяжкахворых і тых, што атрымалі адну прышчэпку, — 41/100 тысяч, цяжкахворых і прышчэпленых цалкам — 16/100 тысяч.

Вынікі даследавання навукоўцаў Іерусалімскага ўніверсітэта паказваюць, што на сёння ўзровень цяжкіх цячэнняў кавіду сярод непрышчэпленых грамадзян ва ўзросце 60 гадоў і старэйшых амаль у 14 разоў вышэйшы, чым сярод вакцынаваных.

Рана знялі абмежаванні

Можна пачуць параўнанні Ізраіля з суседняй Іарданіяй, дзе вакцынавалі людзей значна менш, але кавід трымаюць пад кантролем. Эксперты тлумачаць такі ўсплёск кавіду ў Ізраілі і тым, што краіна вельмі хутка зняла асноўныя абмежаванні пасля апошняй хвалі ў сакавіку 2021 года. Занадта рана, пакуль краіна не паспела атрымаць калектыўны імунітэт. А вось Іарданія працягвала прытрымлівацца жорсткага каранціну.

Жыхары Ізраіля ў чэрвені радаваліся, што ім больш не трэба насіць маску або выконваць сацыяльную дыстанцыю. Некаторыя нават ездзілі за мяжу, хоць улады іх і заклікалі гэтага не рабіць.

Прафесар Давідовіч, які працуе ў Ізраільскім універсітэце Бен-Гурыёна і з'яўляецца членам нацыянальнага экспертнага камітэта па COVID-19, сказаў, што Ізраіль быў занадта самаўпэўнены.

«Людзі святкавалі канец кавіду, і гэта, верагодна, было занадта рана», — сказаў ён.

Ізраіль і праўда быў інавацыйным і перадавым у плане барацьбы з кавідам у пачатку 2021 года, але да сярэдзіны года краіна стала даволі пасіўнай, людзі стаміліся ад каранціну.

Фота: The Times of Israel.

Фота: The Times of Israel.

У момант зняцця абмежаванняў людзі думалі, што Ізраіль з'яўляецца самай вакцынаванай краінай у свеце, што вакцынаваныя людзі рэдка заражаюцца, што яшчэ радзей яны сур'ёзна захворваюць і што, у асноўным, з вельмі невялікай колькасцю мер засцярогі, насельніцтва было вельмі блізка да калектыўнага імунітэту. І гэта было праўдай, але ж ніхто яшчэ тады не ведаў пра «Дэльту».

Варта адзначыць, што хаця Ізраіль і вярнуў частку абмежаванняў з пачаткам новай хвалі, усё роўна яны зараз нашмат мякчэйшыя, чым падчас папярэдняй зімовай хвалі. 

Збавілі тэмпы вакцынацыі

Ізраіль вельмі добра пачаў з вакцынацыяй, але з канца вясны яе тэмпы істотна знізіліся, краіна перастала быць лідарам з досведам, вартым пераймання.

З красавіка Ізраіль апусціўся з першага на 33-е месца ў рэйтынгу вакцынацыі сярод насельніцтва. Крыху больш за 60% ізраільцян атрымалі дзве дозы: гэта ніжэй, чым у еўрапейскіх краінах, такіх як Францыя і Іспанія, якія яшчэ ў пачатку года істотна адставалі.

Пры з’яўленні «Дэльты» аказалася, што ўзроўню вакцынацыі 57%, з якім Ізраіль увайшоў у лета, аказалася недастаткова. Карона працягвала распаўсюджвацца праз групы мала вакцынаваных грамадзян: моладзь, арабаў, артадаксальных яўрэяў. 

Зараз навукоўцы кажуць, што для групавога імунітэту неабходна 80% вакцынаваных. Мінздароўя Ізраіля мяркуе, што краіна зможа дасягнуць такога ўзроўню праз некалькі месяцаў.

Эфектыўнасць вакцыны затухае з часам

Непрыемны момант, але эфектыўнасць вакцыны ад кавіду з цягам часу змяншаецца. Ізраіль, які адным з першых пачаў сваю вакцынацыю, сутыкнуўся з тым, што за 6 месяцаў пасля працэдуры эфектыўнасць прышчэпкі падае.

Як працягласць часу, што прайшоў з моманту вакцынацыі, так і ўзрост пацыента могуць паўплываць на цяжкасць цячэння хваробы. Тыя, хто быў вакцынаваны ў студзені, менш абароненыя ў параўнанні з тымі, хто быў вакцынаваны, напрыклад, у сакавіку.

Менавіта таму Ізраіль пачаў кампанію рэвакцынацыі. Атрымаць трэцюю прышчэпку можа любы чалавек, які прышчапіўся другой дозай 5 месяцаў таму. 

З 1 кастрычніка ўлады пойдуць яшчэ далей — тэрмін дзеяння ізраільскага «зялёнага пашпарта» будзе мінаць праз паўгода пасля другой прышчэпкі, і каб прадоўжыць дзеянне «зялёнага пашпарта», трэба будзе мусова рабіць трэцюю прышчэпку. 

Прафесар Эран Сігал, які кансультуе ізраільскі ўрад па пытаннях кавіду, кажа, што праз пяць ці шэсць месяцаў пасля вакцынацыі людзі, імаверна, абаронены толькі на 30—40%, у параўнанні з больш чым 90% пасля другой вакцынацыі.

Але вядуцца жорсткія спрэчкі аб тым, ці варта разгортваць «бустарныя» прышчэпкі, калі так шмат людзей ва ўсім свеце не атрымалі нават адной вакцыны. Невядома, ці мэтазгодна рэвакцынацыя кожныя шэсць месяцаў ці раз на год. Напрыклад, існуе імавернасць, што прышчэпкі плюс натуральнага імунітэту ад кавіду можа быць цалкам дастаткова.

Фота Надзеі Бужан.

Фота Надзеі Бужан.

Па словах Гідэона Шрайбера, прафесара Ізраільскага інстытута навукі Вейцмана, «бустарныя» дозы — неабходнасць.

«На жаль, гэта нават будзе не штогод, гэта будзе двойчы на год», — прадказаў ён. «Вірус мае велізарны патэнцыял для новых варыянтаў, многія з якіх будуць працаваць на падаўленне імунітэту — так што ёсць імавернасць, што ў будучыні нам спатрэбяцца дадатковыя ўзмацняльнікі».

А што далей?

Новы ўрад прэм'ер-міністра Нафталі Бенета з аптымізмам глядзіць у будучыню. Аптымізм урада ў значнай ступені заснаваны на аналізе навукоўцаў Яўрэйскага ўніверсітэта, якія прыйшлі да высновы, што рост колькасці зарэгістраваных новых выпадкаў шмат у чым абумоўлены павелічэннем колькасці тэстаў з пачаткам навучальнага года.

Большасць актыўных выпадкаў захворвання цяпер — гэта непрышчэпленыя дзеці ці недастаткова вакцынаваныя падлеткі, якія рэальна хварэюць без сімптомаў. Вядома, яны могуць быць заразнымі, але тыя, каму за 60, вельмі добра абаронены вакцынамі. А Ізраіль — краіна з вялікім адсоткам маладога насельніцтва. Чвэрць грамадзян гэтай краіны — дзеці да 12 гадоў, для якіх вакцына доўгі час была недаступная.

Эпідэміёлагі кажуць, што выпадкі захворвання сярод людзей, старэйшых за 30 гадоў, ужо зніжаюцца дзякуючы «бустарным» вакцынам і новым абмежаванням. Калі летась у Ізраіля практычна не было ніякай абароны, акрамя лакдаўну, то цяпер ёсць вакцыны і працуючыя адкрытая сістэма адукацыі, гандаль, сферы паслуг і дробны бізнэс. 

У той жа час нацыянальны каардынатар па барацьбе з каранавірусам Салман Зарка заклікаў краіну рыхтавацца да чацвёртай дозы вакцыны.

«Цяпер усё наша жыццё ў [пандэмійных] хвалях», — сказаў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0