«Фібі, табе першай замову прынеслі»
З кулінарыяй Юлія раней не была звязана. Яна выкладчыца фізкультуры ў каледжы, якая ўсё жыццё марыла пра сабака.
«Мы сям’ёй жылі ў Мазыры разам з бабуляй — яна была супраць сабакі. Пасля я пераехала ў Мінск вучыцца, жыла ў інтэрнаце, дзе таксама не было ўмоў. І як толькі з’явілася кватэра, мы з мужам завялі сабаку», — дзеліцца дзяўчына.
Яе залацістаму рэтрыверу Фібі два гады.
«Спачатку я хацела лабрадора. Бо ў мяне тэмперамент быў больш халерычны, і лабрадоры такія ж — энергічныя, вясёлыя. А потым вырашыла ўзяць голдэн рэтрывера. Гэта падобныя пароды, але характар розны — рэтрыверы больш спакойныя, могуць пад гаспадара падладзіцца», — тлумачыць Юлія.
Разам з Фібі яны любяць хадзіць у кавярні. У рэгіёнах чатырохлапаму наведніку, праўда, не часта рады.
«Нядаўна мы былі ў Рагачове, і там у кавярні вядомай сеткі, дзе заўсёды пускаюць з сабакам, сказалі нам выйсці. Затое калі паехалі ў наступную, і сказалі гаспадыні, што Фібі чакае ў машыне, яна прапанавала: «Вядзіце сюды».
У Мінску ўсё больш месцаў становіцца dog-friendly. Можа, гэта мода ці проста з-за таго, што супольнасць сабачнікаў расце, сэрвіс улічвае іх пажаданні.
У кавярнях Фібі прыносяць міскі з вадой. Пару разоў нават было, што ёй ваду падалі раней, чым мне каву. Смяюся: «Фібі, табе першай замову прынеслі».
Большасць наведнікаў устаноў, калі бачаць цябе з сабакам, усміхаюцца — ты падымаеш ім настрой».
«Спытала ў шэф-кухара, ці можа яна распрацаваць рэцэптуру тортаў для сабак»
Выпякаць прысмакі для сабакі пачала Юліна мама. Знайшла ў інтэрнэце пару рэцэптаў і стала раз на месяц перадаваць печыва сямейнай любіміцы.
«Аднойчы з сяброўкай мы пайшлі ў кавярню разам з Фібі. Узялі сабе круасаны, каву. Фібі галаву паклала на стол — я пару пячэнек ёй дала, і яны скончыліся. Сіжу і думаю: як было б крута, каб я магла ў dog-friendly кавярні купіць не толькі сабе дэсерт, але і сабаку».
Перш чым кулінарыць, дзяўчына звярнулася да ветдыетолага. Абмеркавала з ім спіс забароненых прадуктаў і інгрэдыенты, якія можна спалучаць, каб сабакам было і смачна, і карысна.
«Сабакам нельга шакалад, соль, цукар, перац, спецыі. Хацелася максімальна выключыць хімічныя дабаўкі, якія працягваюць тэрмін прыдатнасці печыва. У нас такая палітыка — мы гатуем пад заказ, каб заўсёды было свежае. Торты я пяку дзень у дзень, нават калі замаўляюць на раніцу.
Арэхі сабакам нельга. Але можна арахіс, бо гэта бабовыя.
На ютубе ёсць рэцэпты печыва, дзе дадаюць часнык для водара. Але яго катэгарычна нельга сабакам — ні ў сырым, ні ў сухім выглядзе».
Далей — пошук рэцэптаў. Дзякуючы маме, ужо былі тры правераныя: пячоначнае і гарбузовае печыва, а таксама сушанае ялавічнае лёгкае.
«Я даўно была падпісана на мінскага шэф-кухара Таццяну Назарук, у яе ёсць зручны кулінарны блог. І калі вырашыла гатаваць печыва, першай думкай было звярнуцца да яе. Спытала, ці можа яна дапамагчы распрацаваць рэцэптуру тортаў для сабак. Чаму б і не?
Таццяна прапанавала тры смакі тортаў і два віды печыва. Мы з ранку да позняга вечара спрабавалі гэта зрабіць. Не ўсё ў мяне з першага разу атрымлівалася. У мяне ёсць таймер у выглядзе курачкі з «Аліэкспрэса»: ён адлічвае толькі больш за 10 хвілін і тады звініць, а калі менш, то не. Я не адразу пра гэта ведала. Дапякаеш штосьці пяць хвілін на іншым рэжыме, таймер не звініць, і пасля дастаюцца вугалькі», — смяецца Юлія.
Рэтрывер Фібі ўсёедная. Таму на тэст печыва развозілі сабакам-капрызам.
«Калі ўжо пайшлі водгукі: «Што вы туды падмяшалі?» — зразумела, што ўсё раблю правільна».
«Хіт продажаў — пячоначнае печыва»
Сваю справу Юлія адкрыла паўгады таму. Выпякае з мамай дома на кухні і развозіць па замовах. Усяго ў асартыменце тры віды тортаў і пяць відаў печыва.
Хіт продажаў — пячоначнае. Ажыятаж таксама на бананавыя сардэчкі і яблычна-маркоўныя зорачкі — у іх складзе арахісавая паста. Пасту Юлія гатуе сама: абсмажвае арахіс і перамолвае ў блэндары.
«У Фібі два асноўныя прыходы на кухню: калі я арахісавую пасту раблю і калі разбіваю яйка. Я не ведаю, як яна гэта чуе, але пастаянна прыбягае. Напрыклад, у рэцэпт патрэбна 90 грам яйка, два вялікіх яйкі — гэта 100 грам. Частка застаецца ў шкарлупіне, і Фібі выпрошвае: маўляў, не выкідай, я з’ем».
Прысмакі для сабак у краме Юлія цяпер купляе вельмі рэдка: Фібі — фанат хатняга печыва. Адзінае — пакінулі ў рацыёне косткі для ачысткі зубоў.
Калі вам самому захочацца хатніх мафінаў з сабачай пякарні, можаце смела есці.
«Многія, хто перайшоў на карыснае харчаванне, не дадае соль і цукар у стравы, каштавалі і ім падабалася. Пара неяк куплялі печыва і спытала, з чаго яно. Пачынаю пералічваць: аўсянка, банан… І малады чалавек: «О, дык гэта ж мой сняданак! Давай купім у два разы больш, я буду есці разам з нашым сабакам».
Дарэчы, пра супрацоўніцтва з кавярнямі. Наладзіць яго няпроста: шмат юрыдычных складанасцяў. Але першы крок удаўся — летам смачныя пячэнькі-косткі па Юліных рэцэптах прадавала кавярня «Michel».
Мінчанка заўважае: гэта не бізнэс, а справа для душы.
«Так цікава: калі ты доўга хацеў сабаку, падыходзіў да ўсіх на вуліцы з просьбай пагладзіць, а тут у месяц дастаўляеш 30 замоў і гладзіш 30 сабак. Вось дзеля чаго гэта ўсё было прыдумана!» — жартуе дзяўчына.





