Момант тарану. Фота secretservice.gov.

Спачатку два лайнеры пратаранілі вежы Сусветнага гандлёвага цэнтра ў Нью-Ёрку. Першы з іх урэзаўся ў Паўночную вежу ў 08:46, другі ўляцеў у Паўднёвую ў 09:03.

Момант выбуху. Фота secretservice.gov.

У 110-павярховых хмарачосах пачаўся пажар, праз гэта людзі на верхніх паверхах будынкаў не змаглі выратавацца. Менш чым праз дзве гадзіны вежы абрынуліся.

У 09:37 трэці самалёт урэзаўся ў заходні фасад Пентагона — велізарнага будынка Мінабароны ЗША недалёка ад Вашынгтона.

Атака на Пентагон. Фота Cedric H. Rudisill / Мінабароны ЗША / AFP / Scanpix / LETA

У выніку тэрактаў загінула 2977 чалавек (калі не лічыць 19 угоншчыкаў). Тысячы людзей былі параненыя ці моцна пацярпелі праз наступствы тэрактаў.

Вуліцы былі ў дыме і пыле доўгі час. Фота secretservice.gov.

У чацвёртым лайнеры пасажыры аказалі супраціў захопнікам, і ў 10:03 самалёт упаў у полі ў штаце Пенсільванія. Верагодна, ён павінен быў пратараніць будынак Капітолія ў Вашынгтоне.

Фота secretservice.gov.

Падзеі 11 верасня 2001 года сур’ёзна паўплывалі на сусветную культуру і эканоміку. Але не менш важна і тое, як тэракты перафарматавалі сусветную палітыку і само наша жыццё — напрыклад, звычайныя авіяцыйныя палёты.

Мы сабралі некалькі фактаў пра наступствы, магчыма, самых уплывовых тэрактаў у гісторыі чалавецтва.

Фота secretservice.gov.

Палітыка

Тэракты былі спланаваныя кіраўнікамі арганізацыі ісламскіх экстрэмістаў «Аль-Каіда», якія ў той час размяшчаліся ў Афганістане. «Аль-Каіда» і яе кіраўнік Усама бін Ладэн абвінавачвалі ЗША і іх саюзнікаў у распальванні канфліктаў у ісламскім свеце.

Фота secretservice.gov.

Ужо ўвечары 11 верасня ў сваёй заяве прэзідэнт ЗША Джордж Буш прамовіў, што амерыканцы «выйграюць вайну супраць тэрарызму». Пазней гэтае словазлучэнне — вайна супраць тэрарызму — стала шырока выкарыстоўвацца ў значэнні барацьбы ЗША з міжнародным тэрарызмам.

Злучаныя Штаты правялі шэраг ваенных аперацый, самымі значнымі з якіх былі ўварванне міжнароднай кааліцыі пад амерыканскім кіраўніцтвам у Афганістан, якім тады кіравалі талібы, і вайна ў Іраку.

Першая з аперацый зацягнулася на 20 гадоў — амерыканскія войскі пакінулі Афганістан два тыдні таму пасля падпісання ў мінулым годзе мірнага пагаднення з «Талібанам», які вярнуўся да ўлады.

У выніку атак урады краін ва ўсім свеце сур’ёзна задумаліся не толькі над знешняй, але і над унутранай бяспекай. Канада, Брытанія, Новая Зеландыя, Германія прынялі законы, накіраваныя супраць тэрарызму.

Аналагічны прававы дакумент — Патрыятычны акт — быў прыняты і ў саміх ЗША, ён даў ураду і паліцыі пашыраныя паўнамоцтвы па нагляду за грамадзянамі. Узмацніліся амерыканскія службы выведкі і знешняй бяспекі, з гэтымі мэтамі быў нават створаны цэлы новы орган — міністэрства ўнутранай бяспекі.

Авіяцыя

Да 11 верасня 2001 года можна было прыязджаць у амерыканскі аэрапорт за 20 хвілін да свайго палёту (калі ён адбываўся ўнутры краіны) і праходзіць наўпрост у залу чакання. У аэрапортах па ўсім свеце ваш сябар мог правесці вас амаль да моманту пасадкі ў самалёт і чакаць яго разам з вамі. Канешне, кантроль бяспекі існаваў і тады, але ён і блізка не быў такім напружаным.

Новыя меры бяспекі ўводзіліся паступова, з кожнай новай тэрарыстычнай пагрозай, якіх свет бачыў шмат пасля 2001 года. З’явілася забарона мець на борце самалёта прадметы, якія можна ўжываць у якасці зброі — напрыклад, манікюрныя нажнічкі, не кажучы пра складаныя нажы, якія выкарыстоўвалі ўгоншчыкі падчас тэрактаў 11 верасня.

Пашыраліся абавязковыя перадпалётныя меры праверкі, пасажыраў пачалі прасіць прадастаўляць некаторыя прадметы з багажу для асобнага сканавання. Пасля таго, як у канцы 2001 года брытанскі тэрарыст Рычард Рыд паспрабаваў узарваць бомбу ў абутку, у некаторых аэрапортах нават прасілі пасажыраў падчас праверкі здымаць абутак.

Усё гэта істотна падоўжыла перадпалётны кантроль і прымусіла пасажыраў прыязджаць у аэрапорт нашмат раней, чым гэта было да 2001 года. Не ўсе былі з гэтым згодныя, але з цягам часу свет адаптаваўся да новых правілаў у авіяцыі.

Культура і грамадства

Адразу пасля тэрактаў амерыканскае грамадства перажыло ўзлёт патрыятызму. Набылі папулярнасць сімвалічныя дзеянні накшталт уздыму нацыянальнага сцяга, людзі пачалі часцей наведваць цэрквы і праводзіць больш часу дома з сям’ёй.

Масавая культура таксама адказала на падзеі 11 верасня. Ім прысвечаныя мноства фільмаў: ад скандальнага «Фарэнгейт 9/11», дзе рэжысёр Майкл Мур амаль што абвінавачвае амерыканскія ўлады ў арганізацыі тэрактаў, да пранізлівых драм «Апусцелы горад» і «Жудасна гучна і гранічна блізка».

Пра тэракты напісаныя дзясяткі мастацкіх і дакументальных кніг, створаныя песні і нават коміксы. Страчаныя як мінімум дзясяткі твораў мастацтва агульным коштам 110 мільёнаў даляраў — яны знаходзіліся ў будынках, куды ўрэзаліся лайнеры.

Ужо праз некалькі гадзін пасля тэрактаў 11 верасня з’явіліся першыя тэорыі змовы, прысвечаныя гэтым падзеям. За 20 гадоў, што прайшлі з часу атак, іх колькасць толькі павялічылася, нягледзячы на тое, што амерыканскі ўрад прадаставіў шмат інфармацыі пра расследаванне тых падзей.

Магчыма, аналагічнай папулярнасцю сярод канспіролагаў могуць пахваліцца хіба што тэорыі змовы наконт кавіду і прышчэпак ад гэтага віруса.

У што вераць тыя, каму не падыходзіць афіцыйная версія адказу на пытанні пра 11 верасня? Часта сустракаецца меркаванне, нібыта амерыканскі ўрад неяк адказны за атакі. Напрыклад, што ўлады ведалі пра тэракты і не прадухілілі іх або нават самі іх арганізавалі.

Ёсць тэорыя, што адтуліна ў будынку Пентагона нібыта зробленая амерыканскімі паветранымі ракетамі — але ж яна супадае па памерах і форме з крылом ад боінга, што ў інтэрв’ю для амерыканскага выдання Popular Mechanics пацвердзіў амерыканскі эксперт.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру