Пратакол аб адміністратыўным правапарушэнні за стыкеры ў інтэрнэце склаў участковы АУСа Добрушскага раёна на падставе рапарта намесніка начальніка АУСа Мікалая Маставенкі, які падчас маніторынгу тэлеграм-чата «Добруш для жыцця» знайшоў, на яго думку, незаконныя стыкеры.

«Ён мне ў міліцыі сказаў, што спалучэнне белага і чырвонага колераў у нас у краіне забаронена, — згадвае Вераніка Драбышэўская, — як і выява герба «Пагоні». Я спытала ў яго, можа ў нас ужо ўсё забаронена і думаць таксама. Ён адказаў, што можна думаць як хочаш, але не трэба гэта выказваць. Падчас размовы ён быў задаволены і шчаслівы. Відаць, раскрыў справу стагоддзя».

Вераніка Драбышэўская (з яе архіва)

Вераніка Драбышэўская (з яе архіва)

Падчас суда Вераніка Драбышэўская віны сваёй не прызнала і звярнула ўвагу суддзі Лук’янавай, што ў 2007 годзе герб «Пагоня» прызнаны ўрадам Беларусі нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасцю і за яе пашкоджанне прадугледжана нават крымінальная адказнасць. Але суддзя пагадзілася з тэкстам пратакола, што дабрушанка, якая размясціла два стыкеры ў тэлеграм-канале, такім чынам «выказвала свае грамадска-палітычныя інтарэсы і выступала арганізатарам гэтага пікета», і прысудзіла 100 базавых велічыняў штрафу (2900 рублёў). 

Вераніка Драбышэўская некалькі тыдняў таму звольнілася з працы і цяпер у пошуках новай працы. У яе няма аніякай магчымасці аплаціць такі вялікі штраф.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0