Беларускае аб’яднанне, якое доўгі час заяўляла пра перадстрайкавы стан у эканоміцы, агучыла новы варыянт выйсця.
«Чым даўжэй такі стан будзе доўжыцца, тым горш для краіны, для эканомікі. Таму прапануем перамовы — не Лукашэнку, а яго непасрэднаму атачэнню. Там не дурныя людзі. Мы гатовыя сесці за стол і дамовіцца аб новых прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбарах, аб перадачы ўлады, аб вырашэнні палітычнага і эканамічнага крызісу», — цытуе «Свабода» Сяргея Дылеўскага, які выступіў на YouTube-канале палітолага Дзмітрыя Балкунца.
Дылеўскі пацвердзіў патрабаванні да ўладаў Беларусі:
— вызваленне палітычных вязняў,
— свабода для незалежных медыя,
— урэгуляванне годных заробкаў і пенсій,
— пачатак перамоваў дзеля выхаду з крызісу.
Дылеўскі дадаў, што ўжо сутыкнуўся з абуранымі каментарамі, маўляў, якія могуць перамовы з Лукашэнкам?
«Аднак мы бачым у перамовах найперш выхад з амаль тупіковай сітуацыі, якая цяпер склалася ў краіне», — патлумачыў сваю пазіцыю Сяргей Дылеўскі.
Якім чынам улады могуць пайсці на перамовы з апазіцыяй без Лукашэнкі, не ўдакладняецца. Пра такі варыянт перамоваў доўгі час кажа і штаб Святланы Ціханоўскай.





