Тады людзі выйшлі на праспект, машыны спыніліся.
Відэа- ці фотасведчанняў наездаў на супрацоўнікаў у гэты дзень у тым раёне не фіксавалася. Але ў архівах інтэрнэту ёсць відэазапіс з канцом канфлікту ў троху іншым раёне праспекта, дзе чалавека з доўгімі, сабранымі ў пучок валасамі, выводзяць з машыны — каб дастаць яго адтуль, у машыну распылілі газ.
Гэта быў Малахоўскі. Хлопца адправілі на Акрэсціна і выпусцілі ў рамках агульнай хвалі выпускаў — ён прабыў там тры дні. Праз пару дзён пасля выхаду ён выехаў у Польшчу.
Затрымалі Малахоўскага 12 верасня ў прыгарадзе Варшавы.
«Прыйшла паліцыя, з нагоды нібыта гучнай музыкі, далей праверка дакументаў, праверылі на сваіх прыладах, а потым у кайданкі і ў пастарунак», — патлумачылі нам знаёмыя, потым стала вядома, што да яго прыйшлі, бо ён быў у базе Інтэрпала.
Цяпер хлопец у польскай пракуратуры. Пакуль ён затрыманы на тэрмін да 45 сутак.
Яго затрыманне, імаверна, адбылося ў межах міжнароднай дамовы аб прававой дапамозе, заключанай між Беларуссю і Польшчай.
Але факт затрымання не кажа пра тое, што Малахоўскага выдадуць — наперадзе доўгая працэдура з магчымасцю абскарджвання.





