«Крэмль цяпер не вельмі зацікаўлены сабачыцца з Захадам з-за Лукашэнкі»

«Праз Пуціна ўплываць на Лукашэнку сапраўды спрабуюць: Еўропа разумее, што ключы ад вырашэння беларускага крызісу знаходзяцца ў Крамлі.

Крэмль мае значна большы ўплыў на Беларусь, чым Брусэль: у апошняга вельмі абмежаваныя сродкі ўздзеяння на беларускі рэжым, — мяркуе кіраўнік аналітычных праектаў, палітычны аглядальнік БелаПАН Аляксандр Класкоўскі. —Лаўроў (міністр замежных спраў Расійскай Федэрацыі — «НН») заўжды Захаду кажа: «Не лезьце ва ўнутраныя справы Беларусі, не чапайце».

Карацей, акультурвае Лукашэнку. Але насамрэч, мяркую, Крэмль вядзе хітрэйшую гульню.

Заўважце, сёння Пуцін не хоча ўцягвацца ў авантуры Лукашэнкі, каб не быць з ім у адным акопе. У Пуціна цяпер іншая фаза стасункаў з Захадам. З Байдэнам вось нядаўна сустрэўся. Крэмль зараз не вельмі зацікаўлены сабачыцца з Захадам з-за Лукашэнкі. І Лукашэнка таму нервуецца трохі. Эмацыйна рэагуе на тое, што за яго спінай Захад гаворыць пра яго з Крамлём».

Аналітык Аляксандр Класкоўскі. Фота: press-club.by.

Аляксандр Класкоўскі згодны з тым, што цяперашнія асабістыя стасункі паміж Пуціным і Лукашэнкам не вельмі добрыя і простыя.

«Пра гэта гавораць ужо шмат гадоў. Тое ж самае казалі і да крызісу 2020 года. Але ўсе ж Пуцін аддзяляе палітычныя інтарэсы Расіі ад асабістага стаўлення да Лукашэнкі, — гаворыць Класкоўскі. — Глядзіце самі: у леташняй сітуацыі Пуцін падтрымаў Лукашэнку, і гэтая падтрымка, думаю, мела ледзь не вырашальнае значэнне дзеля таго, каб Лукашэнка ўтрымаўся.

На першым плане для Пуціна ў той час была, так скажам, класавая салідарнасць двух аўтарытарыяў. Галоўная думка была такая: у Беларусі не павінна перамагчы, як яны тады гаварылі, каляровая рэвалюцыя. Другі момант палягае ў тым, што сапраўды ў ідэале для Масквы лепей бы Беларуссю кіраваў менш таксічны і больш згаворлівы персанаж. Гэта ў ідэале».

Аналітык лічыць, што насамрэч, калі Лукашэнка не хоча сыходзіць, у Пуціна не так шмат і рычагоў уздзеяння на яго.

«Летась некаторыя аналітыкі казалі, што падчас пратэстаў у Мінск прылятаў Патрушаў (сакратар Савета Бяспекі Расійскай Федэрацыі — «НН»). Тады ішлі гаворкі пра тое, што існуе «план Пуціна-Патрушава», які прадугледжваў транзіт улады Беларусі і мяккі сыход Лукашэнкі. Мы не ведаем, ці быў такі план, але за гэты год сітуацыя рэзка змянілася і, магчыма, Лукашэнка, калі такі план нават і быў, пераканаў Пуціна. Цяпер ужо Лукашэнка зноў моцна трымае ўладу ў Беларусі, таму няма куды спяшацца».

На думку Класкоўскага, гэта адзіная з тэмаў загадкавых доўгіх гутарак між Пуціным і Лукашэнкам, якія адбываюцца раз за разам падчас іх сустрэч.

«Калі Лукашэнка сыходзіць не спяшаецца, ну чым Пуцін яго настрашыць? — разважае аналітык. — Што, газ перакрые? Але сёння гэта для Масквы непрымальна. Бо Масква сама кажа Захаду, каб ён не ціснуў санкцыямі Лукашэнку.

Пуцін не можа прыгразіць і тым, што ён тут дэсантнікаў высадзіць ці палонію ў гарбату падсыпле. Не тая сітуацыя, каб выкарыстоўваць такія экстрэмальныя метады ў адносінах да свайго саюзніка. А іншых не так і шмат.

Хутчэй за ўсе Крэмль вядзе гаворку пра нейкую абмежаваную палітычную рэформу ў Беларусі, каб і пры Лукашэнку, і пасля Лукашэнкі было лягчэй прасоўваць свае інтарэсы: дзеля гэтага трэба зменшыць уладу прэзідэнта, стварыць прарасійскія партыі, прасоўваць сваіх палітычных дзеячаў.

Лукашэнка, я думаю, выступае за кансерватыўны варыянт, бо ў яго не раз гучала, што і гэтая Канстытуцыя вельмі добрая, ягоныя прапагандысты таксама бясконца дзяўбуць гэтую тэму».

«Проста зняць Лукашэнку Пуцін не можа»

«Мяркую, што Захад сапраўды спрабуе паўплываць на Лукашэнку праз Пуціна, бо гэта адзіны даступны канал камунікацыі наўпрост з Лукашэнкам. Пэўна, спадзяюцца на тое, што пры дапамозе Пуціна змогуць змяніць паводзіны Лукашэнкі, — мяркуе палітычны аналітык Арцём Шрайбман. — Здаецца, пакуль гэтыя намаганні неэфектыўныя.

Пуцін адмаўляецца ад сур’ёзнай размовы. Гэта было бачна нават падчас яго сустрэчы з Байдэнам. Беларускае пытанне на ёй закраналася толькі фармальна. Мяркую, нешта падобнае адбываецца і на іншых перамовах: з Меркель, Шарлем Мішэлем, Макронам і іншымі».

Наконт спадзяванняў беларусаў, якія чакаюць, што Пуцін хутка пазбавіцца Лукашэнкі, бо ён яго раздражняе і яму надакучыў, то, Шрайбман з гэтай думкай не пагаджаецца.

«Няма ў Пуціна пакуль падстаў для падрыву ўлады Лукашэнкі. Ды й проста так зняць Лукашэнку ён не можа. Гэта не губернатар нейкага расійскага рэгіёна, — разважае аналітык, — Лукашэнка пакуль што адказвае базавым інтарэсам расійскай улады.

Асабліва ў тым, якой, на думку Пуціна, павінна быць беларуская ўлада. Цяпер ён прыкладае ўсе намаганні дзеля таго, каб Беларусь спыніла ўсе магчымыя сувязі з Захадам.

Тое, што зносіны Пуціна з Лукашэнкам зараз няроўныя, гэта, мабыць, праўда, але гэта не тая ступень стомленасці ад яго, праз якую Пуцін вырашыў зруйнаваць сяброўскі для яго рэжым. Тым больш, што паспяхова знішчаць рэжымы Расія ніколі і не ўмела.

Апошні раз гэта намагаліся зрабіць у Афганістане 40 гадоў таму, але і ў гэтым пытанні можам паспрачацца аб тым, ці было гэта поспехам. Карацей, зараз Пуцін не бачыць для сябе больш камфортнай альтэрнатывы, чым улада Лукашэнкі ў Беларусі. І пакуль гэта так, мяркую, што ў іх зносінах нічога кардынальна не зменіцца.

Хіба толькі ўзровень ціску ў пытаннях ваеннай і эканамічнай інтэграцыі ды памеры дапамогі, якую Расія аказвае Беларусі».

«Стаўленне Пуціна да Лукашэнкі і «Талібана» прыкладна аднолькавае: пераможцаў не судзяць»

«Ціснуць на Лукашэнку праз Пуціна наўрад ці магчыма, — упэўнены эканаміст-палітык, сябра палітрады Аб’яднанай грамадзянскай партыі Леў Марголін. — Хутчэй, гэта адбываецца ўскоснымі чынам, выказванням накшталт: «Вось, у вас Лукашэнка, а навошта ён вам?», «Навошта вы яго падтрымліваеце?» Як ніколі раней гэтая тэма пачала турбаваць еўрапейцаў пасля пасадкі самалёта з Пратасевічам.

Напрамую ціснуць на Пуціна ўвогуле немагчыма. Чым больш яго душыш, тым больш ён не схільны выконваць тое, што ад яго патрабуюць.

Фота: belgazeta.by.

Няма сумневаў, што такія размовы з Пуціным пра Лукашэнку заводзілі і Байдэн, і Меркель. Бо нават на ўзроўні пасяджэнняў міністраў замежных спраў тэма Беларусі апошнім часам закранаецца абавязкова. У Еўропе і краінах НАТА ёсць упэўненасць у тым, што Лукашэнка цалкам залежыць ад Пуціна.

Так яно і ёсць. Але, адзначу, у палітыцы зрэдку робяць простыя хады.

Пуцін не можа паставіць Лукашэнку ўльтыматум і сказаць: «Даю табе два тыдні, і пасля гэтага каб я цябе не бачыў». Тым больш, што любое дзеянне, якое будзе звязана з ціскам на Беларусь, да прыкладу, у эканамічным плане, будзе негатыўна ўспрынята нават у самой Расіі».

На думку палітыка, Пуцін вельмі моцна звязаны ў дзеяннях з нагоды Лукашэнкі і Беларусі.

«Расійскі народ і расійскія эліты не падтрымаюць і простага ўзброенага ўмяшання ў беларускія справы, — лічыць Леў Марголін. — Што тычыцца таго гучнага параўнання рэжыму Лукашэнкі з «Талібанам», то ў адказе Пуціна выразна прасочваецца яго меркаванне — «пераадолеў той, у каго ўлада». Калі ён застаўся ва ўладзе, то ўжо не мае ніякага значэння, якімі намаганнямі ён перамог на гэтых выбарах.

Пуцін і сам падобным чынам перамагае. І яго гэта ніколькі не бянтэжыць. Да беларускіх выбараў і Лукашэнкі ён ставіцца прыкладна гэтак сама: Лукашэнка перамог — пераможцаў не судзяць. Давайце з ім размаўляць».

На думку палітыка, калі прааналізаваць усё, што адбылося за апошні год, не застаецца ніякіх сумненняў у тым, што Лукашэнка стаіць у Пуціна папярок горла і што пазбавіцца ад яго ён будзе імкнуцца пры любой магчымасці.

«Толькі за гэты год Лукашэнка пяць разоў быў з візітам у Пуціна. Які сэнс быў ездзіць да яго, калі не за грашыма? — задаецца рытарычным пытаннем Леў Марголін. — Але ж грошай ён не атрымаў. Нельга лічыць грашыма абяцаныя $600 млн да канца 2022 года.

Для Пуціна тыя $3 млрд, за якімі да яго ехаў Лукашэнка, не такая ўжо і вялікая праблема. Але ён гэтыя грошы не даў. На мой погляд, зараз у Пуціна няма мэты ўмацоўваць пазіцыі Лукашэнкі.

Але і супраць Лукашэнкі ён адкрыта выступаць не можа. Таму ўсё адбываецца такім вось чынам. Я ўпэўнены: дні Лукашэнкі злічаныя.

Невядома толькі, пра які менавіта тэрмін ідзе гаворка: 300 дзён, 600 дзён, але дні яго ўлады дакладна палічаныя. Інакш і нельга: эканоміка не развіваецца, інвестыцый няма і не будзе, у тым ліку і расійскіх.

І, калі вы звярнулі ўвагу, то сціхлі размовы пра беларускія прадпрыемствы з ліку «фамільнага срэбра», пра якія ішла гаворка два-тры гады таму. Падаецца, цяпер самы час націснуць на Лукашэнку і забраць гэтыя прадпрыемствы. Але іх не хочуць сёння забіраць, бо разумеюць, якое стаўленне да гэтага будзе ў свеце пасля змены ўлады ў Беларусі.

Пазіцыя такая: «Хай усё адбываецца само па сабе, перашкаджаць не будзем, выплыве — дык выплыве, а грошай усе роўна не дамо».

Калі ў апошні раз зайшла гаворка аб інтэграцыі, Пяскоў сказаў: «Нам спяшацца няма куды». Яны спадзяюцца на тое, што пасля Лукашэнкі ў Беларусі будзе такі прэзідэнт, з якім рэальна можна будзе дамаўляцца пра якую-небудзь інтэграцыю».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру