AFP
Мёртвых пінгвінаў выявілі актывісты, якія займаюцца абаронай птушак у Паўднёвай Афрыцы, піша Бі-бі-сі.
На іх целах знайшлі шмат пчаліных джалаў, але больш ніякіх фізічных траўмаў не было.
Пасмяротная экспертыза паказала, што смяротнымі сталі ўкусы ў вочы пінгвінаў.
«Гэта вельмі рэдкі выпадак, такое не часта здараецца», — адзначае ветэрынар Дэвід Робертс.
Таксама на месцы гібелі птушак знайшлі мёртвых пчол.
«Звычайна пінгвіны і пчолы нармальна суіснуюць», — сказала доктар Элісан Кок, марскі біёлаг з агенцтва нацыянальных паркаў Паўднёвай Афрыкі (SANParks).
«Пчолы не джаляць, калі іх не справакавалі — мы мяркуем, што хтосьці зачапіў гняздо або вулей у гэтым раёне. Гэта заахвоціла пчол пакінуць гняздо, сфармаваць рой і стаць агрэсіўнымі», — дадала яна.
«На жаль, пчолы сустрэлі групу пінгвінаў на сваім маршруце палёту».
Афрыканскія «чарнаногія» пінгвіны адрозніваюцца сваімі маленькімі памерамі. Яны жывуць на ўзбярэжжы і выспах Паўднёвай Афрыкі і Намібіі, але некаторых такіх птушак заўважалі ў Габоне.
Іх папуляцыя імкліва скарачаецца з-за рыбных промыслаў і змяненняў навакольнага асяроддзя.
Мядовыя пчолы таксама з'яўляюцца часткай мясцовай экасістэмы.





