Паводле яго слоў, Варшаве даводзіцца плаціць цану за падтрымку, якую яна аказвае беларускім грамадзянам у апошнія месяцы. Як мяркуе польскі лідар, адказам беларускіх уладаў на гэтую дапамогу «была нябачаная гібрыдная атака на мяжы Польшчы, Латвіі і Літвы — трох краін на ўсходнім флангу NATO і ЕС».

Па словах Дуды, беларускія ўлады «прывозяць у сваю краіну дзясяткі тысяч рашуча настроеных жыхароў дзяржаў Блізкага Усходу, якіх пад палкамі паліцэйскіх прымушаюць перасякаць межы, спрабуючы справакаваць штучны гуманітарны крызіс».

«Мы не адступім у гэтым крызісе, таму што мы не згодныя на інструментальны падыход да мігрантаў, на выкарыстанне іх складанага становішча ў якасці інструмента дзеянняў, накіраваных супраць бяспекі нашых межаў, межаў, якія мы абавязаны абараняць, у тым ліку як краіна ЕС», — сказаў Дуда.

Таксама Анджэй Дуда заявіў, што каля 150 тыс. беларусаў за апошні час атрымалі прытулак і працу ў яго краіне.

«Нядаўна я сказаў нашым беларускім братам, што ім тут радыя і што Польшча будзе іх домам да таго часу, пакуль яны будуць лічыць гэта мэтазгодным і неабходным. Я цвёрда прытрымліваюся гэтых слоў».

Анджэй Дуда адзначыў, што са жніўня мінулага года тысячы беларусаў выходзячы на мірныя акцыі пратэсту сутыкаліся з дубінкамі, слёзатачывым газам і нават кулямі. Ён дадаў, што ў Беларусі налічваецца больш за 650 палітвязняў. Таксама Дуда праінфармаваў Генасамблею аб прысудах, вынесеных Марыі Калеснікавай і Максіму Знаку.

«Нядаўна суд прысудзіў дваіх з іх — Марыю Калеснікаву і Максіма Знака - да 10 і 11 гадоў пазбаўлення волі. Разам з імі лідары польскай меншасці ў Беларусі — Анжаліка Борыс і Анджэй Пачобут — знаходзяцца ў турмах і арыштаваныя за сваю дэмакратычную дзейнасць», — сказаў Дуда.

Ён запатрабаваў іх вызвалення і заклікаў міжнародную супольнасць з большай салідарнасцю з беларускім народам.

«Мы патрабуем іх вызвалення і большай салідарнасці міжнароднай супольнасці з народам Беларусі, які проста хоча сумленнай дзяржавы, сумленнай дэмакратыі» — сказаў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0