Суддзя Марына Кацуба пастанавіла прызнаць Міхальцова вінаватым у «злачынствах», прадугледжаных часткай 1 артыкула 342, артыкулам 364 і часткай 1 артыкула 368 КК. 

У віну Міхальцову ставілася тое, што ён пасля галасавання на выбарах 9 жніўня 2020 года выйшаў на плошчу ў Рэчыцы, а калі там пачалі затрымліваць іншага хлопца, разам з групай людзей замінаў гэта рабіць. У прыватнасці, ён нібыта выходзіў на праезную частку вуліцы Чапаева і замінаў руху транспарту.

Акрамя таго, яго вінавацілі ў гвалце датычна да міліцыянта з Рэчыцкага РАУС Дзмітрыя Гарая. Сам Гарай распавядаў на судзе, што хлопца, які стаяў на плошчы, вырашылі затрымаць, бо ў яго на плячах быў бчб-сцяг. Людзі спрабавалі перашкодзіць адвольнаму затрыманню. Сярод тых, хто спрабаваў не даць затрымаць невінаватага, апынуўся і Канстанцін Міхальцоў.

Калі затрыманага маладзёна міліцыянты пачалі садзіць у сваю машыну, Міхальцоў штурхнуў Гарая ў спіну. Як казаў на першым судовым пасяджэнні сам Гарай, ён адчуў «уздзеянне» і выказаў здагадку, што, «напэўна, боль мінімальны нейкі быў». Тым не менш супрацоўнік запрасіў, каб суд прысудзіў яму кампенсацыю маральнай шкоды 2000 рублёў.

Таксама Міхальцова абвінавацілі ў абразе Лукашэнкі, якую Міхальцоў выказаў у тэлеграм-канале. Згодна з лінгвістычнай экспертызай, допіс Міхальцова быў паведамленнем абразлівага характару.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0