Так правісла столь у суседзяў знізу.

Так правісла столь у суседзяў знізу.

Гісторыя здарылася ў Мінску пры канцы жніўня. Гаспадар кватэры Аляксей, які затапіў суседзяў, згадвае, як усё было.

«Мае кватаранты а 6-й раніцы даслалі паведамленне, што зверху залівае. У мяне труба пад столлю праходзіць, я адразу падумаў, што з ёй праблема — прарвала. Вада лілася са столі проста ў ванну. Нешта сцякала па сцяне суседзям знізу.

Кватаранты выклікалі службу 115 два разы. Заяўка была тэрміновая. Але служба не прыехала.

Угаварыў сваіх сантэхнікаў выручыць. Яны прыйшлі ўвечары, часова пусцілі шланг ад трубы ў ванную. Але натуральна суседзяў знізу за ўвесь дзень ужо заліло.

Два дні вада лілася ў ванную. Знаёмыя сантэхнікі прыехалі ў панядзелак і ўсё выправілі (на выходных яны не маглі, з’язджалі за горад). А са службы ніхто так і не прыйшоў.

Колькі давядзецца кампенсаваць суседзям за сапсаваны рамонт, пакуль не ведаю. Яшчэ ў працэсе высвятлення.

І гэта ж у мяне не першы выпадак. Другі раз за паўгода суседзяў затапліваю. У мінулы раз у ванне з-пад крана паляцела пракладка. Але спачатку было незразумела, што здарылася. У 115 званілі, прыехалі іх спецыялісты, сказалі, што труба трэснула і яны нічога не могуць зрабіць. Ужо пасля мае сантэхнікі паглядзелі і аказалася, што проста пракладку трэба памяняць. Тады суседзям 300 рублёў кампенсацыі пералічылі за патоп».

«Наша Ніва» патэлефанавала ў службу 115. Вось што нам адказалі:

«Заяўка была ад 20 жніўня. Дата ў мяне стаіць — 24 жніўня: менавіта тады прыходзілі з ЖЭСа. Заяўка была закрытая, паколькі не быў дадзены доступ у кватэру. 20 жніўня была пятніца. 21 і 22 у ЖЭСе выходныя. Мабыць, таму толькі 24 прыйшлі». 

У ЖЭСе Заводскага раёна дыспетчар па апрацоўцы заявак адказаў тое самае.

«Прыходзяць тэрмінова сантэхнікі на працягу 30-60 хвілін, калі яны больш-менш вольныя. Ніхто ж не будзе кідаць аварыю і ехаць на іншы выклік. Па пытанні аб кампенсацыі — трэба выклікаць майстра, які ацэніць, жыхары вінаватыя ў аварыі або ЖЭС. І тады, сыходзячы з гэтага, вырашаць», — дадаў дыспетчар.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0