Фота pixabay.com

Фота pixabay.com

Мэта любой вакцыны — даць арганізму чалавека тую ж абарону ад інфекцыі, якую ён атрымае і падчас самой хваробы, але пры гэтым не падвяргаць яго рызыцы сур’ёзнай хваробы ці смерці, піша Wall Street Journal.

Існуе тры ўзроўні абароны ад хваробы, якую можа даць вакцына:

  • поўная абарона супраць інфекцыі і здольнасці яе перанасіць,
  • абарона супраць сур’ёзнай хваробы і пераносу
  • альбо толькі абарона ад сур’ёзнай хваробы.

Эфектыўнасць прышчэпкі залежыць ад велічыні імуннага адказу, які яна выклікае, ад хуткасці распаду новаствораных антыцел, ад органаў, якія, перш за ўсё, закранае інфекцыя, і ад здольнасці віруса ці бактэрыі муціраваць.

Мяжа абароны ад хваробы — гэта ўзровень імунітэту, дастатковы для таго, каб не захварэць. Для кожнай хваробы ён розны, спосабы яго вызначэння таксама адрозніваюцца.

Часцей за ўсё імунітэт да канкрэтнай хваробы вызначаецца праз узровень антыцел на мілілітр крыві. У выпадку са слупняком дастатковая для імунітэту лічба антыцел — 0,01 міжнародная адзінка на мілілітр крыві, у выпадку з адром — 0,02 адзінкі на мілілітр. Такога ўзроўню хапае, каб абараніць арганізм ад хваробы.

Фота pixabay.com

Фота pixabay.com

Калі казаць пра гэтыя хваробы, велічыня імуннага адказу на вакцыны ад іх і хуткасць распаду антыцел даюць магчымасць арганізму доўга быць абароненым ад хваробы. Антыцелы ад адру распадаюцца павольна, ад слупняку — больш хутка, але вакцына прымушае арганізм вырабляць іх нашмат больш, чым трэба для абароны.

Тым не менш, навукоўцы ведаюць, як вызначыць узровень абароны арганізма ад хваробы, і могуць праз гэта адсачыць час дзейнасці прышчэпкі. Пра вакцыны ад кавіду аналагічнай інфармацыі пакуль няма.

Калектыўны імунітэт не дапаможа

У вакцынах супраць адру і вятранкі ўжываецца вірус, здольны рэпліцыравацца (размнажацца). Вакцыны іншых тыпаў, у тым ліку і прышчэпка супраць слупняку, дзейнічаюць не так доўга, аднак іх эфектыўнасць можна палепшыць з дапамогай ад’юванту — рэчыва, якое павялічвае імунны адказ. Не ўсе з супрацькавідных вакцын яго змяшчаюць.

Яшчэ больш галаўнога болю эпідэміёлагам дадае тое, што вірус кавіду здольны муціраваць — на сёння навукоўцам вядома як мінімум восем яго штамаў. Не так проста стварыць эфектыўную прышчэпку ад віруса, што так хутка змяняецца.

Раней існавала надзея, што перамагчы кавід можна будзе пры дапамозе калектыўнага імунітэту. Аднак тое, як каранавірусы інфіцыруюць арганізм, робіць дасягненне такога імунітэту не надта магчымым. Часцінкі гэтых вірусаў размнажаюцца і ў верхніх, і ў ніжніх аддзелах дыхальных шляхоў, пры гэтым даставіць антыцелы, напрыклад, на паверхню ноздраў — не надта простая задача. Таму рызыка малаактыўных інфекцый у гэтай частцы дыхальных шляхоў можа захоўвацца.

Чытайце таксама: Раптоўна пастарэць і пасівець цалкам магчыма. Вось як гэта адбываецца

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0