Па сутнасці гэта стандартны тур выходнага дня ў Львоў. У чацвер увечары выязджаеце, у панядзелак ранкам вяртаецеся. У праграме аглядныя экскурсіі па горадзе і паездка ў Карпаты для ахвотных. У кошт уваходзяць дзве начоўкі ў трохзоркавым гатэлі са сняданкамі. Вакцынацыя — бонус за дадатковую аплату.

У тур будуць выпраўляць кожны тыдзень.

Фірма «Белтурыст», якая гэта арганізуе, кажа, што можна прышчапіцца або Pfizer, або AstraZeneca. Гэта двухкампанентныя вакцыны — то-бок у тур давядзецца з’ездзіць двойчы. Другі ўкол Pfizer робяць не раней, чым праз 21 дзень, AstraZeneca — праз 28 дзён. Аднакампанентнай вакцыны Janssen у доступе няма.

За прышчэпку турфірма просіць 55 даляраў (ва Украіне яна бясплатная). Сам тур каштуе 85 еўра плюс 50 рублёў за турыстычную паслугу. Атрымліваецца, што «поўны курс вакцынацыі» абыдзецца ў 293 даляры.

Гэта без уліку медстрахоўкі і ПЛР-тэста, які патрэбны для ўезду ва Украіну (ён спатрэбіцца толькі першы раз, пры другім уездзе можна будзе паказаць сертыфікат аб першай прышчэпцы).

З сертыфікатам ва Украіне ёсць складанасці. Каб яго атрымаць, патрэбны індывідуальны падатковы нумар і дамова з сямейным доктарам.

У «Белтурысце» запэўніваюць, што ведаюць пра абмежаванні і вырашаюць іх.

«Прышчэпку робіць дзяржаўная бальніца. Сертыфікат выдаецца такі ж, як украінцам. На апошняй версіі кюар-кода не было. Але па ім уся Украіна ў Еўропу ганяе», — адказала фірма.

Праблема ў тым, што электронны сертыфікат з кюар-кодам, які прызнае Еўрапейскі саюз, выдаецца толькі грамадзянам Украіны і тым, хто мае часовы або пастаянны від на жыхарства.

Днямі Міністэрства аховы здароўя Украіны паведамляла, што ў іх на складах амаль 11,5 мільёна доз вакцын ад розных вытворцаў. У 35 тысяч доз тэрмін прыдатнасці заканчваецца 30 верасня, у 1,6 мільёна — 31 кастрычніка. У ведамстве адзначаюць, што прымаюць меры, каб рацыянальна выкарыстаць вакцыны.

Раней губернатар Гродзенскай вобласці Уладзімір Каранік тлумачыў, чаму ў Беларусі дагэтуль не закупілі Pfizer.

«Прымяняем тыя вакцыны, якія зарэгістраваны і даступны ў Беларусі. «Спутніка V» у нас наладжана вытворчасць, з кітайскай вакцынай, з улікам сяброўскіх адносін з Кітаем, ёсць магчымасць пры вострым дэфіцыце вакцын у свеце набываць яе.

Наконт разнастайнасці. Для рэгістрацыі вакцыны патрэбны зварот вытворцы. Pfizer не звяртаўся, бо яны адчуваюць сур’ёзную праблему задаволіць попыт, які ёсць у свеце».

«Pfizer да нас не звяртаўся». Калі ў Беларусі будуць даступны еўрапейскія вакцыны?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0