Леанід Судаленка з-за кратаў распавёў, што адбываецца на закрытым судзе, як ён правёў свой дзень народзінаў, калі будзе вынесены прысуд і чаму яны з Таццянай не сталі пісаць прашэнне аб памілаванні.
Леанід напісаў ліст на свой Дзень народзінаў — 23 верасня. Ён распавёў, як прайшоў яго дзень, калі яму споўнілася 55 гадоў:
«Сёння [23 верасня] мяне вазілі зноў у суд, ужо ў 15-ы раз. Я прасіў у гэты дзень перапынак — адмова. Паставілі з ранку і да вечара перад Фемідай. Апытанне сведак, якія звярталіся ў офіс па дапамогу, зачытванне матэрыялаў справы. Жонка з дзецьмі таксама прасілі ў гэты дзень спатканне. «Няма прававых падстаў», — сказаў суд».
Цяпер Судаленка напісаў у лісце, што ў матэрыялах ужо 80 тамоў. Адна з прычын, па якой суд зрабілі закрытым, — «бяспека сведак». Але, як адзначае вясновец, «самі сведкі ні сном, ні духам».
Усяго па крымінальнай справе дапыталі каля 200 чалавек. Па інфармацыі Леаніда, на судзе быў дапытаны 61 чалавек — у асноўным, гэта кліенты, якія звярталіся да праваабаронцы па прававую дапамогу:
«Усе сведкі ў судзе сказалі праўду, і гэта галоўнае. Прыемна чуць, як людзі, якія прыходзяць у суд па позвах, кажуць «дзякуй», звяртаючыся да мяне ў клетку. І гэта нягледзячы на заўвагі суда».
Праваабаронца мяркуе, што прысуд будзе вынесены ў сярэдзіне кастрычніка.





