Пра што гаворка?

Папросту кажучы, ліквіднасць — забяспечанасць бягучага попыту грашыма. Напрыклад, калі попыт расце, кліенты пачынаюць масава здымаць дэпазіты. Недахоп банкі павінны недзе атрымаць. Варыянты два: купіць грошы на міжбанкаўскім рынку альбо пайсці да Нацбанка.

Яшчэ да жніўня банкі маглі ўзяць грошы ці пакласці іх на дэпазіт у Нацбанку «овернайт», то бок на адзін дзень. Рэгулятар выкарыстоўваў для гэтага спецыяльную стаўку, якая была прывязаная да стаўкі рэфінансавання. Таму грошы для банкаў былі не такія дарагія, як на міжбанкаўскім рынку.

Але з 24 жніўня 2020 года Нацбанк вырашыў адмяніць такую магчымасць і фактычна зрабіць манетарную палітыку больш жорсткай.

З гэтага часу ён не выдаваў «овернайт» крэдыты і не браў аналагічныя дэпазіты. Таму банкі пайшлі на міжбанкаўскі рынак, дзе кошт грошай досыць высокі. З-за гэтага падраслі стаўкі па крэдытах і дэпазітах, а таксама банкі сталі скарачаць аб’ёмы крэдытавання. Як бізнесу, так і звычайным беларусам.

Што зрабіў Нацбанк?

Крыху больш, чым праз год Нацбанк паведаміў, што вяртае аўкцыёны па падтрымцы ліквіднасці. І на першы погляд падаецца, што манетарная палітыка змякчаецца, старое абмежаванне адмяняецца. А гэта ў перспектыве значыла б больш лёгкае атрыманне крэдытаў як для бізнеса, так і для простых беларусаў.

Але, па словах старшага аналітыка «Альпары Еўразія» Вадзіма Іосуба, насамрэч, гэта не адмена абмежаванняў, а ўвядзенне новага інструмента для падтрымання грашовай ліквіднасці.

«З паведамлення Нацбанка вынікае, што гэта будзе аукцыён ставак. То бок банкі самі будуць прапаноўваць свае стаўкі, перамогуць тыя, хто прапануе Нацбанку большую», — адзначае аналітык.

У любым выпадку, цяпер у банкаў з’явілася больш шанцаў узяць сродкі па больш нізкіх стаўках і выдаць крыху больш крэдытаў. Бо, калі на міжбанкаўскім рынку грошы могуць быць, а могуць і не, то ш Нацыянальнага банка прапановы будуць больш пастаянныя.

Чаму ў прынцыпе нельга адмяніць абмежаванне? Тым больш, што яно дзейнічае больш за год?

«Дзякуючы таму, што Нацбанк спыніў падтрыманне аперацый па ліквіднасці, прытармазіліся тэмпы крэдытавання, — адзначае Вадзім Іосуб. — У банкаў проста няма сродкаў, каб у вялікіх аб’ёмах выдаваць крэдыты. То бок ідзе стрымліванне эканамічнага роста, але пры гэтым і інфляцыі.

Калі адмяніць абмежаванні цалкам, то ў банкаў будзе больш рэсурсаў для выдачы крэдытаў у эканоміку. З аднаго боку гэта будзе пазітыўна адлюстроўвацца на тэмпах роста эканомікі.

З другога, гэта будзе штурхаць інфляцыю наверх. Зараз яна каля 10%, і чакаецца, што з-за неўраджаю можа яшчэ падрасці. Такая высокая інфляцыя моцна трывожыць Нацбанк, бо ўдвая перавышае запланаваныя паказчыкі. Таму, па сутнасці, ідзе стрымліванне магчымасцяў банкаў крэдытаваць эканоміку».

Колькі можна такім чынам заціскаць ліквіднасць?

Па словах аналітыка, усё будзе моцна залежаць ад інфляцыі і інфляцыйных чаканняў.

«У кораткачасовай перспектыве, бліжэй да зімы могуць пачаць працаваць ва ўсю моц ужо ўведзеныя санкцыі, — кажа Вадзім Іосуб. — Гэта таксама можа прымусіць Нацбанк перагледзець сваю палітыку.

На яго могуць ціснуць дырэктары прадпрыемстваў, магчыма, нават урад, каб зрабіць больш лёгкім атрыманне крэдытаў. Будзе мяняцца сітуацыя ў эканоміцы, будзе мяняцца сітуацыя з ліквіднасцю. Наурад ці гэтая практыка будзе працягвацца гадамі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0