Сярэдні клас — «зманліва простае паняцце», кажа дырэктар Школы маладых менеджараў публічнага адміністравання SYMPA Наталля Рабава.

Большасць беларусаў схільная адносіць сябе да сярэдняга класа. Мабыць, логіка тут простая: я ж не жабрак, але і не багаты, значыць — сярэдні клас.

Які замежны падыход?

На самай справе, кажа эксперт, ёсць шмат падыходаў да ацэнкі таго, каго можна аднесці да сярэдняга класа. Няма адзінага меркавання. Розныя падыходы ўключаюць у сябе такія крытэрыі, як узровень даходаў, багацця, самаадчуванне, сацыяльны статус і іншыя.

Па адным крытэрам чалавек адносіцца да сярэдняга класа, па іншых — не.

«Глабальны сярэдні клас», па крытэрах Сусветнага банка, — гэта калі сямʼя з чатырох чалавек мае 16-68 тыс. даляраў у месяц. У Беларусі гэты сярэдні клас, па сусветных стандартах, вельмі нешматлікі.

Аднак той жа Сусветны банк прадстаўляе і методыку падліку сярэдняга класа ў нацыянальным вызначэнні. У гэтым выпадку да сярэдняга класа адносяць хатнія гаспадаркі, узровень спажывання якіх у паўтара разы перавышае ўзровень нацыянальнай шкалы беднасці.

З 1 жніўня 2021 года сярэдні пражытачны мінімум у Беларусі складае 283,46 рубля. Значыць, для аднясення да сярэдняга класа ў нацыянальным вымярэнні хатняя гаспадарка з чатырох чалавек павінна зарабляць не менш за 1701 рубель, або 680 даляраў у месяц.

Пры такім падыходзе сярэдні клас у Беларусі будзе даволі вялікі. Белстат падлічыў, што ў траўні 2021 года медыянны заробак у краіне склаў 1018,4 рубля, гэта значыць двое працуючых людзей, у прынцыпе, могуць выводзіць сваю сямʼю ў склад беларускага сярэдняга класа.

Аднак гэта калі заставацца «ў ракушцы» сваёй краіны.

Калі ж казаць аб міжнародных паездках, адукацыі за мяжой, імпартных таварах, гэта значыць аб удзеле ў міжнароднай эканоміцы, то наш сярэдні клас атрымліваецца значна бяднейшы за сярэдні клас нават Усходняй Еўропы, не кажучы ўжо пра Заходнюю.

Ёсць яшчэ адзін падыход да вызначэння сярэдняга класа.

На думку экспертаў швейцарскага банка Credit Suisse,

крытэрам зʼяўляюцца зберажэнні, якія перавышаюць даходы за два гады.

Для беларуса з медыянным прыбыткам 1018,4 рубля ў месяц скарбонка ў банку павінна ўтрымліваць не менш за 24 442 рублі (9777 даляраў), каб ён са спакойнай душой мог аднесці сябе да сярэдняга класа. Колькі беларусаў могуць сабе гэта дазволіць, невядома.

Сярэдні клас, гэта калі змяняецца кошык пакупак

Аляксандр Чубрык распавёў аб падыходзе, распрацаваным у даследчым цэнтры Інстытута прыватызацыі і менеджменту.

- Мы зыходзілі з таго, што з ростам даходу сямʼі змяняецца структура спажывання. Калі зусім даходу няма, то раскоша нават піражок, а калі вырасце зарплата, то адразу хочацца ікры. Гэта значыць тавары, якія для людзей з адносна нізкім прыбыткам зʼяўляюцца раскошай, для сярэдняга класа будуць нармальнымі таварамі.

Калі пасля дасягнення пэўнага ўзроўню даходу тая ці іншая група тавараў пераходзіць з катэгорыі тавараў раскошы ў катэгорыю нармальных тавараў, то спажывецкія паводзіны сямʼі мяняюцца, і гэта падстава аднесці яе да іншай катэгорыі.

На аснове разлікаў па дадзеных выбарачнага абследавання хатніх гаспадарак па ўзроўню жыцця мы выдзелілі пяць такіх катэгорый: бедныя, семʼі з даходам ніжэй сярэдняга, семʼі з сярэднім прыбыткам, сярэдні клас і багатыя.

У беларускі сярэдні клас трапілі хатнія гаспадаркі, для якіх мэбля і бытавая тэхніка перасталі быць таварамі раскошы і сталі нармальнымі таварамі.

Прасцей кажучы, калі сямʼі не трэба назапашваць, каб купіць бытавую тэхніку ці мэблю, то мы адносім яе да сярэдняга класа — тлумачыць Чубрык.

А калі чалавек добра зарабляе, але не мае ўласнага жылля? Эксперт лічыць, што не трэба прывязвацца да старых падыходаў, калі ўласнае жыллё зʼяўлялася абавязковым атрыбутам сярэдняга класа.

- Свет стаў іншым. Змянілася стаўленне людзей да ўласнасці як абавязковага элементу дабрабыту. Напрыклад, не станем жа мы выключаць з сярэдняга класа айцішніцу з выдатнай зарплатай, якая карыстаецца каршэрынгам і здымае кватэру, хоць магла б купіць і аўтамабіль, і ўласнае жыллё.

Сярэдні клас — гэта не толькі пра грошы

Добры ўзровень даходаў — неабходная, але недастатковая прыкмета, каб лічыцца сярэднім класам, кажа прэзідэнт Навукова-даследчага цэнтра Мізэса эканаміст Яраслаў Раманчук. Трэба ўлічваць і каштоўнасныя арыенціры.

— Прадстаўнік сярэдняга класа ўдзельнічае ў грамадскім жыцці і ў фармаванні грамадскай думкі. Яго нават можна назваць інфлюенсерам на мясцовым або нацыянальным узроўні, гэта значыць у такога чалавека ёсць не толькі матэрыяльны, але і інтэлектуальны і сацыяльны капітал, — тлумачыць эканаміст. —

Нават калі чалавек шмат зарабляе, але не праяўляе сябе ў адносінах да грамадства, яго нельга аднесці да сярэдняга класа. Сапраўды гэтак жа, як нельга аднесці да сярэдняга класа людзей з грамадзянскай пазіцыяй, але вымушаных праводзіць большую частку часу ў дачна-агароднай позе.

Па ўзроўні даходаў і магчымасці ўплываць на сістэму прыняцця рашэнняў сярэдні клас у Беларусі складае 7-10 %, працягвае Яраслаў Раманчук. Гэтыя лічбы выцякаюць з супастаўлення сацыяльных апытанняў і ўзроўняў даходу насельніцтва.

Калі інтэлектуальны капітал зʼяўляецца крытэрам, ці азначае гэта, што прадстаўнік сярэдняга класа павінен мець вышэйшую адукацыю?

— Сто гадоў таму вышэйшая і сярэдняя адукацыі былі элітнымі і маладасяжнымі. Безумоўна, адукацыя была крытэрам сярэдняга класу. Сёння відавочная інфляцыя беларускага дыплома. Людзі плацяць грошы, канчаюць ВНУ, атрымліваюць скарыначкі, таму што так прынята. Гэта састарэлы погляд на рынак працы, адарваны ад рэальнасці, асабліва ў кантэксце тэхналогій, якія фармуюць сусветную эканоміку. Для таго каб стаць сярэднім класам, вышэйшая адукацыя не абавязковая, — лічыць Яраслаў Раманчук.

Як «памер» сярэдняга класа ўплывае на якасць жыцця людзей у краіне?

Наталля Рабава тлумачыць, што адной з характарыстык сярэдняга класа зʼяўляецца ўстойлівасць даходу. Маючы нерухомасць, даход і планы на будучыню, сярэдні клас прадʼяўляе попыт на стабільную і эфектыўную палітыку кіравання краінай, на якасныя паслугі, у тым ліку і дзяржаўныя. Таму ён лічыцца апорай устойлівага развіцця краіны.

Калі ў краіне вялікі сярэдні клас, ніхто не можа з лёгкасцю дамінаваць і навязваць сваё бачанне — даводзіцца вынаходзіць і ўкараняць у жыццё інстытуты дыялогу, напрыклад, парламент, прафесійныя асацыяцыі, бізнэс-саюзы і г.д. Гэтая сістэма становіцца больш устойлівай і незалежнай ад адной або некалькіх персонаў, яна можа мяняцца з цягам часу і прымаць пад увагу інтарэсы многіх груп людзей.

Аляксандр Чубрык адзначае іншы момант. Нельга сказаць, што сярэдні клас «па змоўчванні» прадʼяўляе попыт на дэмакратыю і палітычныя свабоды.

Але для яго прынцыпова важная прадказальнасць, гэта значыць, што працуюць інстытуты і закон, і ўсё роўна, ці ідзе гаворка аб правах уласнікаў або правах працоўных.

Калі перастаюць працаваць і інстытуты, і закон, то гэта зусім не стабільнасць, гарантый будучыні няма. І сярэдні клас пачынае патрабаваць такіх гарантый.

На думку эксперта, у эканамічным плане сярэдні клас ‒ гэта асноўная крыніца развіцця прыватнага бізнэсу і асноўная крыніца падаткаў. Прадстаўнікі сярэдняга класа і спажываюць, і берагуць, і яшчэ маюць добрую адукацыю, таму для спажывецкага рынку, фінансавай сістэмы і рынку працы сярэдні клас валодае эфектам мультыплікатара.

Як толькі ён пачынае скарачацца, гэты эфект мультыплікатара дзейнічае ў зваротным кірунку — эканоміка пачынае «здзімацца» яшчэ хутчэй. Для дзяржавы гэта велізарная праблема: калі скарачаецца доля тых, за кошт каго яна падтрымлівала маламаёмных, пад пагрозай аказваецца тая самая сацыяльна-палітычная стабільнасць.

Яраслаў Раманчук таксама адзначыў, што сярэдні клас — гэта сіла, якая не дае маргіналам прарвацца да ўлады, каб «разбурыць краіну або адвесці яе ў бок». Ён кажа, што ў нашай краіне паўнавартасны сярэдні клас сфармуецца, калі зʼявіцца попыт на партнёрства, сяброўства, добрасуседства.

Указамі зверху выхаваць такі сярэдні клас немагчыма. Для гэтага патрэбная дэцэнтралізацыя прыняцця рашэнняў, развіццё прыватнай уласнасці і выбудоўванне інстытутаў матывацыі ўзаемадапамогі на мясцовым узроўні, лічыць Яраслаў Раманчук.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0