У прыватнасці, змены закранулі законы «Аб узброеных сілах Рэспублікі Беларусь» і «Аб надзвычайным становішчы».
Раней падставай для ўвядзення ЧС (апроч стыхійных бедстваў і катастроф) лічыўся пачатак беспарадкаў, але не было ўдакладнена — менавіта што і ў якім аб’ёма можна лічыць беспарадкамі.
Цяпер гэты момант канкрэтызавалі: да беспарадкаў будуць адносіць спробы гвалтоўнай змены канстытуцыйнага ладу, захопу ці прысваення ўлады, узброены мяцеж, масавыя хваляванні, міжнацыянальныя і міжканфесійныя канфлікты, што суправаджаюцца гвалтоўнымі дзеяннямі, якія ствараюць пагрозу жыццю і бяспецы грамадзян.
Што важнага ў новым законе?
Тое, што, калі ў Беларусі будзе ўведзенае ЧС, да забяспячэння парадку могуць быць далучаныя ваенізаваныя арганізацыі. Мяркуецца, што ў папярэджванні і спыненні беспарадкаў, забеспячэнні аховы грамадскага парадку і бяспекі будуць задзейнічаныя сілы і сродкі МНС, Следчага камітэта, Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз і Дэпартамента фінансавых расследаванняў.
«Чалавек са зброяй каштуе дзясятка сілавікоў толькі з дубінкамі па ўплыве на няўзброеных грамадзянаў. Таму з лютага ідзе актыўная праца па падборы штата для супраціву масавым выступам грамадзянаў, якія па службе ці працы маюць зброю.
Штат МУС абмежаваны, і грамадзяне, якія служаць (працуюць) у арганізацыях з асаблівымі ўстаўнымі задачамі, могуць стаць тэрытарыяльнымі войскамі (што важна — лаяльнымі), якія будуць задзейнічаныя для супраціву выступам грамадзянаў у межах рэжыму ЧС», — каментуе ваенны эксперт Ягор Лебядок.
Каб разумець, да такіх арганізацый, напрыклад, належаць лесагаспадарчыя, службы інкасацыі, Белпошта, БФСТ «Дынама» і іншыя.
У новым законе таксама прапісана: калі нешта здарыцца з прэзідэнтам, яго паўнамоцтвы будуць аўтаматычна перададзеныя Савету бяспекі.
Усё гэта, на погляд экспертаў, было зроблена зусім не з мэтай захавання міру і парадку ў краіне, як гэта падаецца, а каб перастрахавацца на выпадак новых хваляванняў у грамадстве.
«Унутры дзяржапарата ведаюць пра небяспечанасць і нелегітымнасць свайго існавання і такімі вось сродкамі спрабуюць прадугледзець розныя варыянты развіцця падзей», — лічыць юрыст Алег Агееў.
Акрамя таго, на думку экспертаў, новы закон патрэбны, каб зняць дадатковую адказнасць (юрыдычную ці псіхалагічную) з асоб, якія былі (ці будуць) задзейнічаныя ў задушэнні пратэстаў.
«Журналісты прама цяпер працуюць у рэжыме надзвычайнага становішча, хоць час нібыта мірны»
Бадай, адзін з самых цікавых пунктаў у абноўленым законе тычыцца парадку працы са СМІ і інтэрнэтам падчас ЧС. Цяпер ужо афіцыйна выпуск СМІ ў такі перыяд можа быць прыпынены (ці ўвогуле спынены), а доступ да інтэрнэт-рэсурсаў і сеткавых выданняў абмежаваны.
Ілюстрацыйнае фота.
Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу сяргей Клішэвіч упэўнены, што «інтэрнэт і СМІ, сацыяльныя сеткі — гэта зброя» і іх выкарыстанне мусіць быць абмежаванае: «У гэтым законе выразна прапісана, што ў выпадку ўвядзення надзвычайнага становішча будуць пэўныя абмежаванні ў працы сродкаў масавай інфармацыі, акрэдытацыі журналістаў, у тым ліку міжнародных, у працы інтэрнэта».
Але тое ж самае ў Беларусі было і без існавання гэтага закона.
«Тыя змены і абмежаванні, якія яны ўнеслі ўвесну, былі ўжо здзейсненыя ў мірны час, калі ніякіх надзвычайных становішч анансавана не было. Нічога не перашкаджала блакаваць інтэрнэт і выкідваць замежных журналістаў, закрываць карэспандэнцкія пункты ў 2020 годзе. Журналісты прама цяпер працуюць у рэжыме надзвычайнага становішча, як мы бачым, хоць час нібыта мірны», — каментуе Алег Агееў.
У МУС разглядаюць ідэю пазбаўляць грамадзянства беларусаў, якія з'ехалі за мяжу
У Нюрнбергу абмеркавалі план прызнання Лукашэнкі міжнародным тэрарыстам. Пра што дамовіліся?





