21 кастрычніка справу Сафіі разглядзела суддзя Таццяна Палулех.
Дзяўчыну абвінавацілі ў тым, што падчас «прафілактычнай гутаркі» каля 11:00 у «машыне па дарозе ў Фрунзенскі РУУС паводзіла сябе агрэсіўна і задзірліва, гучна крычала, нецэнзурна лаялася, на заўвагі не рэагавала, выбіла з рук Загора тэчку з дакументамі».
Згодна з паказаннямі міліцыянта, Маргунову сустрэлі раніцай на выхадзе з ЦІПа, каб правесці гутарку наконт удзелу дзяўчыны ў несанкцыянаваных мерапрыемствах. Але віну сваю дзяўчына адмаўляе. Па яе словах, з моманту, калі яе павінны былі вызваліць пасля арышту, і да 20:00 яна знаходзілася ў ЦІПе на Акрэсціна, таму фізічна не магла «хуліганіць» раніцай у машыне. Гэта маглі пацвердзіць відэакамеры на Акрэсціна, але суддзя Палулех адхіліла хадайніцтва Сафіі.
Акрамя гэтага Маргунова паведаміла, што ў РУУСе ў пратаколе апытання яна прызнала віну, бо ёй «сказалі так напісаць».
Вынікам стаў чарговы 15-сутачны арышт. Агулам Маргунова правядзе на Акрэсціна 30 сутак.
Раней дзяўчыну затрымлівалі ў сакавіку на канферэнцыі незалежных студэнцкіх прафсаюзаў, які прайшоў у бізнэс-клубе «Імагуру». Тады Сафія адбыла 15-сутачны арышт на Акрэсціна.





