Андрэй Лемяшонак (справа). Фота прэс-служба БПЦ
«У мяне пытанне, чаму вашы сёстры вядуць агітацыю супраць вакцыны», — спыталі ў Андрэя Лемяшонка падчас сустрэчы з вернікамі.
«Мы не за і не супраць, — з усмешкай адказаў святар. — Асабіста я, як наш Аляксандр Рыгоравіч, не буду вакцыянавацца. Я гляджу па нашым падворку. У нас перахварэла цяпер шмат людзей. Але я сказаў ім: наша прышчэпка — гэта цела і кроў Хрыста. Арганізм чалавека выпрацоўвае імунітэт. І я бачу, што гэты імунітэт працуе.
Таму што тыдзень таму ў людзей была тэмпература пад 40, а цяпер кажуць: «Ну, бацюшка, дзякуй Богу, пачалі працаваць». І гэта людзі не з выдатным здароўем, яны ўжо сваё здароўе растрацілі на грэх (на падворку пры манастыры жыве каля 200 чалавек, многія з іх маюць судзімасці, залежнасць ад наркотыкаў і алкаголю — заўв. «НН»). Мне здаецца, трэба быць вельмі асцярожным з гэтымі вакцынамі, таму што яны да канца не вывучаныя.
Я выказваю сваё меркаванне. Да мяне прыехаў чалавек з Віцебска і кажа: «Мае родныя зрабілі прышчэпку, а зараз у бальніцы, двое — у рэанімацыі». Я сустракаў людзей, якія зрабілі вакцыну, і цяпер ім фізічна дрэнна.
Я разумею, што людзі будуць і паміраць, і нараджацца. Зараз і грып пачнецца. У нас няма ніякай агітацыі. Можа быць, сёстры па сваім неразуменні… Вы напісалі, я спытаю ў іх. Яны павінны служыць Богу і суцяшаць людзей, мы ні за што не агітуем. Калі чалавек гэта робіць, ён робіць гэта ад сябе. Але разважаць мы можам, ніхто не можа забраць у нас гэта права».
Лемяшонак прызнаўся, што да яго на споведзь прыходзяць людзі, якія прызнаюцца, што ў іх кавід. «Добра, кажу ім, будзем лячыцца. А я ж без маскі, — дадаў ён. — Цяпер няма калі хварэць, трэба працаваць».
Яшчэ летась, калі палова са 130 манашкаў заразілася каранавірусам, кіраўніцтва манастыра, ведаючы гэта, не адмяніла службы да Вялікадня.
Тады ж кіраўнік Рускай праваслаўнай царквы, якой падпарадкоўваецца Беларуская праваслаўная царква, заклікаў: «Калі ласка, не хадзіце ў царкву. Калі ласка, памаліцеся дома». Той жа пасыл выказваў і кіраўнік БПЦ.
Лемяшонак на гэта адказваў так: «Мы не Расія, мы Беларусь, мы трошкі адрозніваемся. Прэзідэнт Беларусі сказаў: «Я прыйду і пастаўлю свечку».
А вось якую пазіцыю па вакцынацыі займае цяпер Беларуская праваслаўная царква:
«Выбар на карысць прышчэпкі ці адмовы ад яе з'яўляецца індывідуальным рашэннем кожнага чалавека. Разам з тым недапушчальным і грэшным з'яўляецца распаўсюд ілжывых вучэнняў, атаесамленне вакцынацыі з «прыняццем антыхрыста», роўна як і заявы, што з дапамогай вакцынацыі адбываецца таемнае чыпіраванне чалавецтва.
У гэтых умовах узрастае адказнасць кожнага святара, паколькі менавіта пастырскае слова або парада можа стаць вызначальнай у выпадку звароту па тлумачэнне, ці варта рабіць прышчэпку».
Тым часам Міністэрства аховы здароўя штодзень заяўляе аб антырэкордах па колькасці захворванняў. Медыкі падкрэсліваюць, што толькі вакцынацыя насельніцтва здольна спыніць распаўсюд віруса.