Чытачы масава паведамляюць «Нашай Ніве» пра тое, што інфармацыю аб абавязковым нашэнні масак і захоўванні дыстанцыі прыбіраюць адусюль: з заправак, грамадскага транспарту, крам.

Людзі пішуць, што нагадванне пра маскі экстранна прыбіраюць таксама з гукавых паведамленняў у транспарце.

На дзвярах многіх аўтобусаў, крам і аптэк ужо пазнікалі налепкі пра масачны рэжым.

Таксама па сталічных арганізацыях распаўсюджваецца ліст аддзела гандлю і паслуг Партызанскага раёна Мінска. 

У ім адміністрацыя раёна просіць прыбраць усе аб’явы, якія маюць рэкамендацыі аб захаванні масачнага рэжыму, якія былі раней размешчаныя ў аб’ектах гандлю, грамадскага харчавання, бытавых паслуг.

Выглядае як няўдалы жарт, фэйк нядобразычліўцаў ці проста фоташоп. Але гэта праўда.

У распараджэнне «Нашай Нівы» прадаставілі аўдыязапіс размовы з чыноўніцай таго самага аддзела гандлю. Жанчына пацвярджае — ліст сапраўдны.

«Гэта не жарт, сапраўды такое распараджэнне мы атрымалі. Адзінае, пакуль не бачылі саму пастанову. Аб’явы менавіта пра абавязковы масачны рэжым трэба прыбіраць.

Аб’явы рэкамендацыйнага характару пакінуць можна, калі чыста для сваіх наведнікаў, што рэкамендуеце насіць маску і захоўваць дыстанцыю, вось у такім плане. Падумайце, як сфармуляваць, шаблонаў у нас пакуль няма.

Цяпер цэнтр гігіены караць за абслугоўванне пакупнікоў без масак не будзе», — кажа чыноўніца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0