Амір Абдалахіян заявіў, што Іран сур'ёзна занепакоены становішчам сваіх грамадзян на беларуска-літоўскай мяжы. Ён запатрабаваў, каб супрацоўнікі консульства Беларусі і памежнікі дапамаглі вызначыць месцазнаходжанне іранцаў на мяжы і аказалі ім медыцынскую дапамогу.
Міністр замежных спраў заклікаў урад Беларусі прадаставіць амбасадзе Ірана ў Мінску доступ да сваіх грамадзян, каб тыя маглі дапамагчы вярнуцца іранцам у сваю краіну.
Амір Абдалахіян сказаў, што ў сацыяльных сетках распаўсюджваюцца трывожныя навіны аб становішчы гэтых людзей. Ён заклікаў Беларусь да максімальнага супрацоўніцтва, асабліва яе памежнікаў, з мэтай аказання дапамогі грамадзянам Ірана.
Уладзімір Макей у размове пацвердзіў гатоўнасць Мінска аказаць максімальную дапамогу ў гэтых пытаннях і падтрымліваць цесныя кантакты з пасольствам Ірана ў Мінску.
Што да высвятлення становішча іранцаў, якія захраслі на беларуска-літоўскай мяжы, то Макей запэўніў, што неадкладна запытае інфармацыю ў адпаведных органаў Беларусі на гэты конт.
Амір Абдалахіян і Макей дамовіліся працягваць кансультацыі да таго часу, пакуль іранскія грамадзяне, якія апынуліся на мяжы, не будуць знойдзеныя і ім не будзе аказана дапамога.





