На традыцыйнай летняй нарадзе з кіраўнікамі дыпмісій беларускі афіцыйны кіраўнік паставіў умову: калі ЗША хочуць аднавіць фармат амбасады, хай здымаюць эканамічныя санкцыі.

З аднаго боку, ён трохі завышае патрабаванні. Бо, строга кажучы, дыпламатычную вайну летась у сакавіку справакавала не само ўвядзенне санкцый супраць «Белнафтахіма» (гэта адбылося яшчэ ў 2007 годзе), а іх канкрэтызацыя (дэ-факта — узмацненне). Здавалася б лагічным паставіць умовай вяртанне да статус-кво (аслабленне санкцый). Але Лукашэнка, відаць, пачуваецца на кані (ці на «харлеі»?). Чаму б і не рызыкнуць, калі карта ідзе, ды і рызыкі насамрэч ніякай?

З іншага боку, патрабаванні да Вашынгтона сталі болей рэалістычнымі. Калі ў чэрвені прыляталі кангрэсмены, Лукашэнка заявіў, што варта ўвогуле скасаваць «Акт аб дэмакратыі ў Беларусі». Зараз пра той закон не згадана. Халера з ім! Усё адно выконваць ягоныя пункты беларускае начальства не разгоніцца.

Лукашэнка дазволіў сабе ўскосную палеміку з заходнімі ментарамі. Маўляў, «важная ды патрэбная не вонкавая “дэмакратычная” абалонка. І тым болей не прывезеная і не накінутая звонку. Такая спехам прывітая дэмакратыя няўстойлівая…». Яшчэ болей, «такія “мічурынскія” практыкаванні робяць цяжкапапраўную шкоду краіне, эканоміцы і, у рэшце рэшт, народу».

Адчуваецца стыль спічрайтэраў старой загартоўкі. Моладзь, бадай, і не чула пра тога Мічурына :) Кранае нястомны клопат, каб народ не заразіўся дэмакратычнай бацылай, як тым свіным грыпам.

Асобна падкрэслена, каб і ў ЕС не спадзяваліся, што будуць накідаць нейкія патрабаванні. Мы, маўляў, уваходзім ва «Усходняе партнёрства» не просьбітамі і будзем самі вызначаць фармат.

Можна адзначыць яшчэ некалькі заяў на нарадзе 23 ліпеня.

Беларусь не збіраецца рабіць выбар паміж Расіяй і Еўрасаюзам, зазначыў Лукашэнка. Маўляў, ўзаемадзеянне з Бруселем не можа будавацца на шкоду дружалюбным дачыненням з Масквой і наадварот.

Як жа, з Масквой — дружалюбней няма куды: з войнаў на ўсходнім фронце не вылазім! Лукашэнка і сам ужыў цікавы тэрмін пра пагрозу «цяжкавагавай дзяржаўнасці» з боку Расіі.

Па сутнасці ж гэтая нібыта прыгожая і высакародная адмова ад выбару — эўфемізм, які маскуе стаўку на палітыку арэляў, разлік на доўгатэрміновы рэсурс манеўравання між Усходам і Захадам.

Зрэшты, не забыты і іншыя вектары. У прыватнасці, зазначана, што ў перспектыве Украіна можа стаць новым шляхам пастаўкі энергарэсурсаў. Мінск даўно зандуе глебу ў гэтым кірунку, але на нарадзе з саноўнымі дыпламатамі фраза гучыць ужо як афіцыйная стратэгічная ўстаноўка.

Саюзны праект Лукашэнка назваў даўгабудам, але не правалам і не ўтопіяй. Формула, каб захаваць твар. Насамрэч — менавіта правал, менавіта ўтопія.

І хаця на самым пачатку прамовы было падкрэслена, што мудры замежнапалітычны курс непахісны, гаворка нібыта толькі пра карэктаванне нюансаў, дэ-факта адбылася хай сабе змушаная, але істотная пераробка ўсёй канцэпцыі. Раней выглядала так, што альтэрнатывы, процівагі Расіі няма. Цяперашняя дэкларацыя раўназначнасці дачыненняў з Усходам і Захадам — гэта амаль што рэвалюцыйная змена арыенціраў.

Між тым расійскі ціск нікуды не падзеўся, ён узмацняецца. Намеснік міністра замежных спраў Расіі Карасін назваў дзіўнай пазіцыю Мінска ў дачыненні да Абхазіі і Паўднёвай Асеціі. І вельмі падобна на тое, што менавіта званок з Крамля ў духу «не чапайце нашу трубу» змусіў хуценька зноў даць зялёнае святло прапампоўцы расійскай саляркі па беларускім участку маршруту Унеча — Вентспілс.

Аналітык Леанід Заіка знайшоў новы тэрмін для характарыстыкі сённяшніх стасункаў па лініі Мінск — Масква: геаэканамічная вайна.

Яна будзе тлець, і яе логіка стане і надалей вызначаць павольны дрэйф Беларусі падалей ад Расіі. Хаця сам Лукашэнка, колькі б ні сядлаў «харлей», празаходнім, канечне ж, ніколі не стане, тут ён шчыры.

Але з яго тэзай, што замежная палітыка Мінска набыла новую якасць, можна пагадзіцца. Пры гэтым, заўважце, Лукашэнка прызнаў, што раней яна была «аднамернай». Красамоўная і агаворка пра «гады ізаляцыі» (што раней упарта адмаўлялася).

«Раней Захад быў ворагам, а расійцы — братамі, адзінымі стратэгічнымі партнёрамі. Зараз фактычна канстатуецца парытэт у стасунках з Масквой і Захадам. І гэта — значны зрух, нават паварот у замежнай палітыцы», — мяркуе палітолаг Валер Карбалевіч.

З яго слоў, на нарадзе 23 ліпеня адбылося зацвярджэнне тога болей збалансаванага замежнапалітычнага курсу, які Мінск пачаў праводзіць пасля леташняй каўказскай вайны.

«У астатнім жа — нічога новага», — рэзюмуе Карбалевіч.

Сапраўды, прамова на нарадзе лішні раз засведчыла: цывілізаваныя дэмакратычныя стандарты (а гэта менавіта стандарты, і заявы пра шкоднасць іншаземных узораў не вытрымліваюць ніякай крытыкі) будуць і надалей уяўляцца цяперашняй кіроўнай вярхоўцы смяротна небяспечнай пандэміяй.

Іншая рэч, што Злучаным Штатам не да Беларусі, а ЕС стаў на рэйкі «рэалпалітык». Так што Лукашэнка стрымана пахваліў заходнікаў за тое, што ў межах новага курсу яны кінулі дурное :) і ужо не ставяць на мэце «адхіленне дзейнай улады».

ЗЫ. Увечары БТ паказала тое, што амаль абмінулі ўвагай агенцтвы. У Малой зале Палаца рэспублікі фактычна была зладжана вялікая вытворчая нарада з удзелам Сідорскага, Пракаповіча, міністраў, гендырэктара МТЗ ды іншых гаспадарнікаў. У голасе Лукашэнкі гучалі металічныя ноткі. Звышзадача: пішчом лезці на ўсе рынкі, разгружаць затавараныя склады!

Але ператварэнне дыпламатаў у дылераў не вырашыць праблемы. У беларускага тавару няма перспектывы без карэннай мадэрнізацыі эканомікі. І гэта таксама штурхае да лепшых дачыненняў з Захадам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?