Вытворчасць медыцынскага кіслароду на «Нафтане». Фота БелТА

«Вырабляем выключна медыцынскі кісларод, вытворчасць тэхнічнага спынілі»

«СветлагорскХімвалакно» возіць кісларод у Светлагорскую і Рэчыцкую бальніцы.

«Цяпер мы вырабляем выключна медыцынскі кісларод, вытворчасць тэхнічнага пакуль спынілі, — паведамілі «Нашай Ніве» ў аддзеле продажаў прадпрыемства. — Перастроіцца было нескладана: некалькі гадоў таму мы ўжо выпускалі медыцынскі кісларод, забяспечвалі нашу бальніцу». 

У Светлагорскую ЦРБ пастаўляюць да 190 балонаў у суткі, у Рэчыцкую (яна большая) — да 290.

«Грузім кругласутачна. Спецыяліст па рэалізацыі на тэлефоне з самага ранку і на выходныя званкі прымае. Вядуцца перамовы і з іншымі медыцынскімі ўстановамі», — кажуць на прадпрыемстве.

«Адгрузілі больш за 450 балонаў»

З суботы медыцынскі кісларод пачалі пастаўляць «Нафтан» і «Палімір».

«Дагэтуль мы рабілі толькі тэхнічны кісларод для мантажнікаў, будаўнікоў. Забяспечвалі ім сябе і арганізацыі-падрадчыкаў. Для вытворчасці медыцынскага кіслароду новых спецыялістаў не наймалі. Асноўныя ўстаноўкі засталіся тыя ж, тут больш арганізацыйныя мерапрыемствы спатрэбіліся. Да медыцынскага кіслароду патрабаванні якасці больш жорсткія: ступень чысціні, дадатковыя іншыя паказчыкі», — расказаў намеснік генеральнага дырэктара «Нафтана» Сяргей Яўтушык.

Паветра бярэцца за 2,5 кіламетра ад завода — на беразе возера Люхава і ў сасновым бары. Па паветразаборы яно паступае на станцыю, там ахалоджваецца да -180 градусаў, становіцца вадкім і раздзяляецца на фракцыі. Ад забору да атрымання кіслароду праходзіць каля 10 гадзін. У адным балоне — 8 кг (ці 6 метраў кубічных) газу. На кантроль кожная партыя возіцца на «Крыён». 

Прадпрыемствы пастаўляюць кісларод у Наваполацкую гарадскую бальніцу. Як пісала БелТА, ужо адгрузілі больш за 450 балонаў. Штодзённа плануецца напаўняць больш за 250 балонаў (цяпер пастаўляецца па 150 балонаў).

«Гродна Азот» купілі новую ўстаноўку і наймаюць тэхнолага

Ніколі раней не вырабляў медыцынскі кісларод і «Гродна Азот». Цяпер яны выпускаюць яго ў вадкім і газападобным выглядзе, паставілі для гэтага новую ўстаноўку Linde. Першую партыю ў бальніцы адправілі 15 кастрычніка.

На прадпрыемстве адкрыта вакансія інжынера-тэхнолага (на вытворчасць вадкага медыцынскага кіслароду). З патрабаванняў да спецыяліста — вышэйшая фармацэўтычная адукацыя і стаж працы не меншы за тры гады ў арганізацыях, якія выпускаюць лекі ці кантралююць іх якасць.

Па словах намесніка генеральнага дырэктара па камерцыйных пытаннях Паўла Балябіна, «Гродна Азот» гатовы цалкам закрыць патрэбы абласных бальніц у газападобным кіслародзе.

Якая патрэба ў кіслародзе па краіне?

Нядаўна Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў краіне задзейнічана палова кіслародных кропак.

«У нас толькі 52% занята, як так не хапае кропак для кіслароду?» — сказаў ён падчас візіту ў Лідскую раённую бальніцу.

Але па іншых афіцыйных паведамленнях, патрэба ў кіслародзе больш высокая. У Віцебскай вобласці паведамлялі, што задзейнічана 84% кіслародных кропак. У многіх бальніцах у чацвёртую хвалю ўводзілі дадатковыя кропкі.

Асноўны вытворца медыцынскага кіслароду «Крыён» цяпер працуе на максімум і выпускае па 200 тон кіслароду ў суткі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0