Спачатку апішам версію сілавікоў. Старшы дарадца па правах чалавека ААН у Беларусі Омэр Фішэр «падвёў пад артыкул» Драздоўскага і Граблеўскага: прыдумаў схему, паводле якой грошы, якія па праекце выдзяляліся на прававую дапамогу пацярпелым ад хатняга гвалту і людзям з інваліднасцю, насамрэч пайшлі на аплату працы адвакатаў, якія дапамагалі людзям, што сутыкнуліся з рэпрэсіямі пасля выбараў. Гаворка ідзе пра суму каля 5 тысяч долараў, дапамогу атрымала 23 чалавекі. 

Супрацоўнікі «Офіса» праходзяць абвінавачанымі ў махлярстве, арганізаваным групай асоб (ч. 2 арт. 209 КК, ім пагражае штраф, ці арышт, ці хімія да 4 год, ці калонія на той жа тэрмін). Омэр Фішэр ніякага статусу па справе не мае, ён быў прызначаны генсекам ААН, таму мае статус недатыкальнасці. Драздоўскі і Граблеўскі паведаміць нюансы справы не могуць, але вось што заяўлялі да затрымання, калі ДФР толькі праявіў да іх інтарэс.

«Падставай для пераследу стала, па сутнасці, рэкамендацыя некалькім пацярпелым з інваліднасцю і без звярнуцца па дапамогу да адвакатаў, — пісаў Сяргей Драздоўскі. — Дзейнасць ажыццяўлялася «Офісам» у межах сумеснай ініцыятывы з ААН у Беларусі па аказанні дапамогі людзям з інваліднасцю і іншым уразлівым групам насельніцтва». 

Сяргей Драздоўскі, фота «Имена»

Ні Граблеўскі, ні Драздоўскі асабіста ніякіх сродкаў ад ААН на адвакацкія паслугі не атрымлівалі. Праваабаронцы прызналі іх палітвязнямі.

Алег Граблеўскі расказваў, што калі яго першы раз выклікалі ў ДФР, то да яго не пусцілі адваката, хоць ён меў з сабой дамову (аператыўнікі заявілі, што гэта падробка), прымусілі яго распрануцца, усяляк прыніжалі і пагражалі. А 3-га лютага яго змясцілі пад варту. Сяргея Драздоўскага, які мае інваліднасць і перасоўваецца ў вазку, адправілі пад хатні арышт. 

Амаль паўгода па справе не было амаль ніякіх навінаў. А трымаць пад вартай па гэтым артыкуле можна толькі шэсць месяцаў, якія заканчваліся 3-га жніўня. І вось, у канцы ліпеня становіцца вядома, што супрацоўнікаў «Офіса» адпускаюць — меру ўтрымання ім замянілі на не звязаную з абмежаваннем свабоды.

«Я не прызнаю сваю віну ні ў якой частцы, ні ў якой меры, ні ў якой ступені, ні ў якім разуменні — не прызнаю і не збіраюся прызнаваць, — заявіў Драздоўскі. — Хатні арышт у адносінах да мяне быў адвольным і незаконным».

У ААН, канечне, не маглі абмінуць увагай пераслед супрацоўнікаў арганізацыі, з якой супрацоўнічалі. Гэты кейс увайшоў у даклад аб сітуацыі з правамі чалавека, які абмяркоўвалі на 48-й сесіі Савета па правах чалавека. І вось тут разгарэўся скандал.

У Міністэрстве замежных спраў сцвярджаюць, што дасылалі ў ААН сваю версію бачання іх супрацоўніцтва з «Офісам», усе дэталі крымінальнай справы. Але не хацелі апублічваць нюансы, тым больш, Драздоўскага і Граблеўскага адпусцілі да сесіі Савета, іх справу ў суд не накіравалі. Але калі згадванне пра пераслед з’явілася ў дакуменце, вырашылі загаварыць. Уладзімір Макей узняў гэтае пытанне на сустрэчы з генсекам ААН. 

Уладзімір Макей

«Мы ўказалі на недапушчальнасць выкарыстання трыбуны ААН, асобных структур ААН для дэманізацыі Беларусі, дыскрэдытацыі Беларусі па абсалютна надуманых палітызаваных матывах, — заявіў ён. — Высветлілася, што генсек не ведаў некаторых момантаў.

Ягоныя памочнікі, яны нам вядомыя, яны з’яўляюцца прадстаўнікамі краін з Еўрапейскага саюза, за ягонай спінай робяць шэраг непрыглядных рэчаў. Выкарыстоўвалі фінансавыя сродкі ААН, якія выдзяляліся на людзей з інваліднасцю, на падтрымку ўдзельнікаў пратэсных акцый». 

Ва ўнісон Макею загаварыла і прапаганда: «Чалавек панёс адказнасць за махлярства і яго ўжо даўно адпусцілі», — заявілі на ТБ пра Драздоўскага. Насамрэч ніякага пакарання яшчэ ніхто не панёс, суда, які б прызнаў супрацоўнікаў «Офіса» вінаватымі і не было.

«Следства ў наш адрас працягваецца», — паведамляў Сяргей Дразоўскі, калі яго адпусцілі з хатняга арышту. То-бок яны ўсё яшчэ фігуранты крымінальнай справы.

Алег Граблеўскі, фота reform.by

Прадстаўніцтва ААН у Беларусі на прэтэнзіі МЗС адрэагавала так: пра заклапочанасць беларускага боку нам вядома, робім усё магчымае, каб працягваць супрацоўніцтва з краінай. 

Асаблівасцю махлярства прынята лічыць той факт, што злачынца завалодвае маёмасцю пацярпелага, уводзячы яго ў зман. Грошы, пра якія гавораць сілавікі, належалі ААН. Але інфармацыі пра тое, што арганізацыя сама звярнулася да сілавікоў у сувязі з тым, што іх падманулі, з заявай аб прызнанні пацярпелымі, няма. Як і няма фактаў, што Граблеўскі і Драздоўскі ў сваіх інтарэсах завалодалі грашыма, нешта з гэтага атрымалі.

Больш за тое, Амэр Фішэр, з якога, як заяўляе ўлада, усё і пачалося, не выключаны з сістэмы ААН, ён працягвае працу ў іншай краіне. І пераслед супрацоўнікаў «Офіса» ў ААН не падтрымалі.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?